33 спортсмена сражались за звание лучшей ракетки Шумилинского района

Актуалии Спорт, туризм

Майстры малой ракеткі
У нашым раёне настольны тэніс карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Гэты факт яшчэ раз пацвердзіла адкрытае асабіста-каманднае першынство раёна па настольным тэнісе па прызы ФСК “Здароўе”, якое прайшло ў мінулую суботу ў Шумілінскай СШ №1. Трыццаць тры спартсмены (24 мужчыны і 9 жанчын) змагаліся за званне лепшай ракеткі раёна. Тэнісісты абаранялі гонар райвыканкама, Сіроцінскага сельвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, “Райаграсэрвісу”, “Раёна электрычных сетак”, “Лясгасу”, УП ЖКГ, ПМС, РАНС, “Прыазёрнага міру”, “Шумілінарайгазу”, ОКЗ. У спаборніцтвах бралі ўдзел дзве бешанковіцкія і адна полацкая каманды.
ЖАНЧЫНЫ.  Па-за канкурэнцыяй была палачанка Ала Галаненка, якая без праблем “разабралася” з усімі сваім канкурэнткамі. Затое за другое месца, на якое прэтэндавалі як шумілінскія, так і бешанковіцкія спартсменкі, ішла сапраўдная барацьба. Спартыўная ўдача ўсміхнулася Таццяне Цапота з Бешанковіч – у яе другое месца. Наша зямлячка – Антаніна Караленка – трэцяя.
МУЖЧЫНЫ. На папярэднім этапе мужчыны былі раздзелены на тры групы па дзевяць спартсменаў, па трое лепшых з кожнай выходзілі ў фінальную частку першынства. Ва ўсіх трох групах сустрэчы праходзілі ў цікавай барацьбе. Нягледзячы на тое, што фаварыты спраўна збіралі перамогі, толькі вось лёгкіх, без барацьбы,  матчаў амаль не было.
У фінальную частку прабіліся пяць шумілінскіх (Аляксандр Снараў, Пётр Ганушчанка, Андрэй Масько, Сяргей Каржуеў і Генадзь Садохін), тры бешанковіцкія і адзін полацкі тэнісісты. Фінал стаў сапраўдным спартыўным відовішчам, кожны гуляў толькі на перамогу.
Вырашальнай стала сустрэча паміж Пятром Ганушчанкам і Аляксандрам Снаравым.  Кожны з тэнісістаў у выпадку перамогі выйграваў бы першынство. Пяць нярвовых партый, ні адзін з сапернікаў не мог адарвацца ў ліку. Арыгінальнай камбінацыяй перамогу ў матчы “вырваў” Пётр Ганушчанка.
Першае месца ў адкрытым першынстве заваяваў Пётр Ганушчанка, другое – Аляксандр Снараў, трэцяе – Іван Пішчанка (Бешанковічы).
КАМАНДЫ. У камандным заліку дзякуючы трэцяму месцу Антаніны Караленка і першаму Пятра Ганушчанкі перамогу святкавала каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Другое месца ў каманды з Бешанковіч, трэцяе – у каманды з Полацка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *