Культ культуры: Дынастыя Мацвейчукоў

Актуалии

Культ культуры: Дынастыя Мацвейчукоў

Любая сфера грунтуецца на таленце і працавітасці людзей. У галіне культуры гэта бачна найбольш ярка, бо тут людзі заўсёды навідавоку, на авансцэне ў прамым і пераносным сэнсе. Мы ведаем гэтых людзей, ведаем і цэлыя дынастыі, якім і прысвячаем рубрыку “Культ культуры”. Адкрываем рубрыку аповедам пра сям’ю, якая ўжо зрабіла (верым, што і яшчэ зробіць) вельмі многа для развіццё галіны культуры раёна – сям’ю Мацвейчукоў.

Дзе растуць міністры?
У 50-я гады мінулага стагоддзя ў
сям’і Фёдара і Валянціны Мацвейчукоў з Шуміліна нарадзіліся двое хлопчыкаў – Валодзя і Алег. У вольную хвіліну бацька іграў на мандаліне, маці спявала. Музычных акордаў дадавалі і сваякі, якія часта заходзілі з гармонікам і баянам. Адны з першых на вуліцы Мацвейчукі купілі і радыёлу з прайгравальнікам.
Хлопцы раслі рухавымі, адкрытымі для творчасці і навукі. Наогул, тады моладзь не сядзела днямі і начамі ў гаджэтах, дзякуй богу, іх не было. Затое было футбольнае поле, валейбольная пляцоўка, модна было іграць на музычных інструментах.
Будучы міністр культуры Уладзімір Мацвяйчук разам з іншымі хлопцамі гуляў у футбол і валейбол, іграў на трубе. Гэта былі яго першыя жыццёвыя прыступкі. Потым была вучоба, педагагічная і партыйная дзейнасць, работа ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. У 2005 годзе ён быў прызначаны на пасаду міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
Нягледзячы на свае высокія пасты і вялікую занятасць, Уладзімір Фёдаравіч ніколі не забываў пра роднае Шуміліна, стараўся дапамагчы. Памятаеце, як падчас яго работы ў Міністэрстве культуры да нас прыязджалі і “Сябры”, і “Песняры”, і “Бяседа”, шматлікія беларускія зоркі. Усяляк спрыяў ён і рэканструкцыі Обальскага музея камсамольскага падполля, знайшоў час прыняць удзел у яго ўрачыстым адкрыцці. Гэта было 1 лістапада 2008 года.

У той дзень у Обалі было шмат шаноўных гасцей: міністр культуры Уладзімір Мацвяйчук, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, старшыня Шумілінскага райвыканкама Вальдэмар Падляшчук, ветэраны, былыя камсамольскія работнікі. Пасля экскурсіі па адноўленых залах Уладзімір Фёдаравіч пакінуў пранікнёны запіс у кнізе водгукаў.

Пасля міністэрскага крэсла Уладзімір Фёдаравіч працаваў памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А з 2011 года ён кіраўнік сакратарыяту Старшыні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, жыве ў Маскве. Але гэта не перашкаджае яму рэгулярна прыязджаць у Мінск, бываць на канцэртах Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Белдзяржфілармоніі, не перашкаджае наведваць і сваё Шуміліна, быць адкрытым для шчырых сустрэч з роднымі і сябрамі.

Умець  кіраваць  аркестрам
Калі ты ўмееш кіраваць аркестрам, умееш не толькі пачуць, але і дабіцца бездакорна чыстага выканання кожнай ноты, памірыць паміж сабой валторну і трамбон, табе не цяжка будзе кіраваць і больш вялікім калектывам, скажам, калектывам работнікаў культуры цэлага раёна. Гэта прадвызначэнне Алега Фёдаравіча Мацвейчука.
Музыкай ён захапіўся з дзяцінства. Алег Фёдаравіч памятае свой першы дзіцячы аркестр, які быў арганізаваны пры Доме культуры. Жадаючых было вельмі многа, трэба было вытрымаць сур’ёзны адбор. Яму было вельмі цікава, за што ён удзячны кіраўнікам аркестра – Валерыю Хамякову і Івану Бакумаву. Сваю музычную кар’еру ён пачынаў з альта (пройдзе час і гэты крок зробяць і сын, і ўнук), потым асвоіў многія інструменты. І галоўнае, ён са школы дакладна ведаў, што хоча стаць толькі музыкантам, марыў пра гэта, нават пісаў у школьным сачыненні. Але да вучобы была армія з ваенным аркестрам. Там атрымаў вельмі добрую практычную падрыхтоўку, якая дазволіла без праблем закончыць Віцебскае музычнае вучылішча імя Салярцінскага.
Удзячная справа – вучыць дзяцей музыцы. Нават калі музыка не стане іх прафесіяй, яны ўсё жыццё будуць памятаць свае поспехі ў пазнанні прыгожага, памятаць рэпетыцыі і выступленні, і гэта абавязкова дадасць душы багацця. Алег Фёдаравіч кажа, што яму шанцавала на таленавітых вучняў, а яны сёння з цеплынёй успамінаюць не толькі заняткі музыкай, але і тое, як кіраўнік аркестра клапаціўся пра іх адпачынак – арганізоўваў паездкі ў Калінінград, Ленінград і нават на Азоўскае мора.
І такая праца не магла не прынесці плён – у 1990 годзе аркестр запрасілі ў Мінск. У памяці хвалюючы момант, калі на Дзень Перамогі яны ігралі каля Вялікага тэатра оперы і балета. З Мінска аркестр вярнуўся са званнем “узорны”. Потым у яго жыцці будзе яшчэ шмат перамог і ўзнагарод, сярод якіх – Ганаровы знак Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і нават Падзяка Прэзідэнта. А тая перамога помніцца і сёння.
Перамога акрыліла, і ў тым жа годзе пры школе мастацтваў ён стварае дарослы духавы аркестр, які ў 2000 годзе атрымаў званне “народны”.
Талент настройваць асобныя інструменты на агульную мелодыю лёг у аснову кіраўніцкай стратэгіі А. Ф. Мацвейчука на пасадзе начальніка аддзела культуры райвыканкама (цяпер – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі). Так, гэта аказалася складаней – у галіне культуры раёна каля 250 чалавек, даводзіцца многім дапамагаць выяўляць у сабе слых і чуць агульную мелодыю, некаторых прыходзіцца і мяняць, не без гэтага. Затое той факт, што сёння раённая галіна культуры мае 15 народных і 5 узорных калектываў, што шумілінскія таленты ведаюць у краіне і нават за яе межамі, пацвярджае, што кіраўнік, ідучы наперадзе “аркестра”, задае яму правільны тон.
Цікава, што культура дапамагла Алегу Фёдаравічу стварыць і сям’ю, стала як бы сваццяй. Ён добра памятае, як у Шумілінскі Дом культуры прыехала на працу малады музычны работнік Галіна, як на першым тыдні яе работы калектыў паехаў у Латвію на творчы конкурс. Выступілі добра, назад ехалі з добрым настроем, і тут ён “убачыў” Галіну, і сэрца затрымцела. Кажа, што гэта было каханне з першага погляду. Галіна Генадзьеўна, праўда, кажа, што гэтага статнага хлопца яна прыгледзела яшчэ ў музычным вучылішчы, тым не менш гэта не пярэчыць вышэйсказанаму.

Дырыжорская палачка
Музычная адукацыя Галіны Мацвяйчук пачыналася дома. Дзядзя быў прафесійным музыкантам і старанна вучыў пляменнікаў іграць на баяне, расказвае яна. Потым у Сянно (а яна родам з Сенненскага раёна) адкрылася музычная школа, яна пайшла вучыцца іграць на фартэпіяна і была ў ліку першага выпуску школы. Працягвала вучобу ў Віцебскім музычным вучылішчы, атрымала дыплом дырыжора і кіраўніка хору.
А ў хуткім часе ёй прыйшлося “дырыжыраваць” усёй музычнай школай. Улічваючы тое, што на пасадзе дырэктара Шумілінскай школы мастацтваў яна роўна 30 год, можна не сумнявацца, што дырыжорскую палачку яна трымае ўмела.
Галіна Генадзьеўна творчы, адкрыты чалавек, гатовы падтрымаць новую задуму, цікавую ініцыятыву сваіх падначаленых. Прызнаецца, што ёй лёгка працаваць са сваім калектывам, ганарыцца кожным са сваіх выкладчыкаў, падкрэслівае іх выключную таленавітасць і адданасць прафесіі. У такой атмасферы нараджаецца шмат цікавых праектаў. Адзін з апошніх – хор настаўнікаў школы, які спявае на чатыры галасы.
Наогул жа, Галіна Генадзьеўна прызналася, што стараецца жыць так, як падабаецца – лёгка, без канфліктаў, у суладдзі з людзьмі, у сугучнасці са сваёй душой. Яна любіць сваю сям’ю, душы не чуе ва ўнуках, гуляе з імі, малюе, лепіць, нават не пярэчыць, калі Ілья і Даша дапамагаюць пячы пірагі, і тады ўжо ўся кухня будзе ў  муцэ, і на ўсіх тварах будзе ўсмешка. Дарэчы, пірагі Галіна Генадзьеўна пячэ адменныя, пірог з рыбай, які мне пашчасціла пакаштаваць, проста незабыўны.

Усё той жа альт
Другое пакаленне Мацвейчукоў прадстаўляе Руслан Алегавіч – выкладчык па класу трубы Мікіціхінскага філіяла школы мастацтваў.
“А хіба ў мяне быў выбар? – Руслан Мацвяйчук смяецца. – Я з маленства ў аркестры. Разам з бацькам быў у Мінску 9 мая 1990 года, калі аркестру прысвойвалі званне “ўзорны”. Мне тады ішоў сёмы год, і я іграў на альце”.
Як і бацькі, ён закончыў Віцебскае музычнае вучылішча, універсітэт. Ён добры настаўнік, за якім дзеці ідуць да музыкі, вучацца чуць і бачыць прыгожае.
Руслан паспяховы не толькі ў рабоце. У яго добрая сям’я, двое дзетак, разуменне і падтрымка з боку жонкі. Нават калі ён збіраецца на падводную рыбалку, Таццяна не пярэчыць, разумее, што і мужчына, і жанчына маюць права на свае захапленні.
Гэтае права ўжо адстойвае і самы малодшы па мужчынскай лініі Мацвейчукоў – Ілья.  Ён ужо падгаворвае, каб і яму купілі касцюм для падводнага плавання, як у таты. Маладыя бацькі ўсміхаюцца, а бабуля з дзедам ківаюць: купім. Першакласнік Ілья ва ўсім імкнецца быць падобным да бацькі і  дзеда. Ён ўжо даўно трымае ў руках альт, вучыцца спяваць і танцаваць, не адстае ад бацькі, калі той ідзе на валейбол.
Малодшай Дашачцы два з паловай годзікі, яна пакуль што “вольны мастак”, сама складае песні, сама спявае, лепіць скульптуры з цеста на бабулінай кухні, дапамагае накрываць на стол, калі збіраюцца госці.
Сёння рана заяўляць, што і трэцяе пакаленне Мацвейчукоў знойдзе сабе  прафесію ў сферы культуры, але тое, што сама культура ўжо актыўна займаецца фарміраваннем іх душ, несумненна.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *