Дар душы выхавацеля

Образование

Дар душы выхавацеля

Кажуць, што тэатр пачынаецца з вешалкі. А з чаго пачынаецца  дзіцячы садок? Я думаю, што з любові выхавацеля да дзяцей, вясёлых і гарэзлівых, дапытлівых і сціплых.

Імя выхавацеля дзіцячага ясляў-сада №1  Шуміліна Алены Рыгораўны Сідарэнкі добра вядомае ўсім выхаванцам і бацькам дашкольнай установы.

Прафесію педагога жанчына абрала невыпадкова. Калегі адзначаюць яе прафесійнае майстэрства, арганізатарскія здольнасці. А яна ўдзячная свайму калектыву за ўзаемаразуменне  і падтрымку. І вось ужо 38 год Алена Рыгораўна самааддана працуе выхавацелем. Праз яе рукі і сэрца прайшлі сотні дзяцей. Для многіх з іх яна стала не толькі любімай выхавальніцай, але і другой мамай.

Праца выхавальніка не з лёгкіх, і спрачацца з гэтым ніхто не стане. Не кожны зможа справіцца з шустрымі дзеткамі, знайсці падыход да кожнага. А ў групе А. Р. Сідарэнкі больш за 20 такіх малых. Але яна заўсёды ведае, як іх захапіць і заняць. Часу пасядзець на месцы ў выхавацеля практычна няма. То яна гуляе з малымі, то праводзіць практычныя заняткі. Кожны дзень у малых праходзіць вельмі цікава і насычана. У іх групе заўсёды цёпла і ўтульна. Сцены гульнявога і спальнага пакояў ўпрыгожвае мноства цікавых малюнкаў, а на паліцах – шмат кніжак. У асяроддзі гэтай прыгажосці і дзеткі адчуваюць сябе ўтульна.

“Безумоўна, усё гэта даецца не так проста, не прыходзіць па волі чароўнай палачкі. Але я люблю дзяцей, – кажа Алена Рыгораўна. – Яны ўсе такія адкрытыя, даверлівыя. Я ўсіх люблю аднолькава. Кожны выпуск для мяне – стрэс. Я да іх настолькі прывязваюся за некалькі гадоў, што не хочацца з імі  расставацца. Ганаруся, што былыя выпускнікі, якія ўжо самі сталі бацькамі, і цяпер тэлефануюць. Многія прыязджаюць на святы, дзякуюць. Значыць, адбылася я як педагог”.

Прафесію педагога немагчыма параўнаць ні з якой іншай, таму што гэта не толькі праца, гэта рэдкі дар душы. Гэта самаадданасць і жаданне дзяліцца сваім цяплом, энергіяй з дзясяткамі, сотнямі дзяцей.

Як і кожнай маме, мне прыемна бачыць, што маё дзіця з задавальненнем ідзе ў дзіцячы сад, што з кожным днём вучыцца чамусьці новаму, набывае там новых сяброў.

Вольга КОЦІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *