В субботу Олимпийский день прошёл в Шумилинском районе

Спорт, туризм

Міжнародны алімпійскі дзень
21 мая па ўсёй краіне прайшоў Міжнародны алімпійскі дзень, у рамках якога былі арганізаваны спаборніцтвы як прафесійных спартсменаў, так і аматарскіх. Галоўнай задачай мерапрыемства было прыцягненне як мага большай колькасці людзей да спартыўнага жыцця, алімпійскага руху і да здаровага ладу жыцця. Багата мерапрыемстваў было арганізавана і ў райцэнтры.
Спартландыя
Самымі захапляльнымі падчас правядзення ў Шуміліне Міжнароднага алім-пійскага дня былі спаборніцтвы паміж выхаванцамі дзіцячых садкоў. Да спартландыі “Хутчэй, вышэй, мацней” рыхтаваліся дзеткі са Светласельскага садка, №3 і №4: трэніраваліся бегаць і скакаць, падбіралі спартыўную форму, развучвалі свае “візіткі”. І яны няхай дзесьці збіваліся, штосьці забывалі ці блыталі, усё роўна спартландыя прайшла ўдала.
З кожным дзіцём на спаборніцтвы прыйшлі мамы і таты, старэйшыя браты і сёстры. Гэта яны што ёсць моцы крычалі: “Хутчэй!, Малайчына!”. А потым ад душы хвалілі сваіх. Каманды былі як вялікія дружныя сем’і.
Каля дзесяці конкурсаў прапанавала спартландыя. Дзецям вельмі спадаба-ліся бег з эстафетнай палачкай, “Мяч над галавой”, “Ваданосы”, “Пасадка бульбы”, жартоўны бег з венікам.
У спартландыі перамагла каманда з дзіцячага садка №4, другое і трэцяе месцы – у дзіцячага садка №3 і Светласельскага адпаведна.
Пляжны валейбол
Аднымі з самых цікавых атрымаліся спаборніцтвы па пляжным валейболе. Сярод жанчын перамогу святкавала каманда вузла электрасувязі (Рыта Бяззубенка – Вольга Гаева), прычым, для Рыты гэта перамога па пляжным валейболе стала юбілейнай – дзесятай. Другое месца ў каманды “Студэнты” (Наталля Галай – Антаніна Дубкова), трэцяе – у валейбалістак райспажыўтаварыства (Святлана Пятрова – Святлана Юшчанка).
А вось мужчынскі турнір аказаўся непрадказальным. Мала хто ставіў на перамогу пары Дзмітрый Байдакоў – Аляксандр Яцэнка. Але яны паказалі такую гульню, што пакінулі за сабой такіх карыфеяў пляжнага валейболу як Аляксандр Купрыянаў – Андрэй Салаўёў і Сяргей Завадскі – Уладзімір Шэдзько (другое і трэцяе месцы).
Веласіпед
Фігурнае ваджэнне веласіпеда — гэта спрыт, хуткасць, лоўкасць, уменне арыентавацца ў складанай паласе перашкод. Конкурс прайшоў у тэмпе, цікава і захапляльна. Паласа перашкод была ўжо знаёмай для тых, хто кожны год прымае ўдзел у падобных спаборніцтвах. А для навічкоў праехаць па дошцы, трапіць з разгону на вузенькую дарожку ці прыпыніць веласіпед на хаду так, каб не збіць драўляную перашкоду, было зусім не проста. Між тым, за кожны промах, за кожную памылку строгае журы ставіла штрафныя балы.
Пераможцаў вызначалі па трох узроставых катэгорыях. У малодшай групе (12-13 гадоў) перамог Аляксей Ляошка, другое месца – у Антона Крукава. У сярэдняй узроставай групе (14-15 гадоў) перамог Антон Шабанаў, другое і трэцяе месцы – у Станіслава Сонцава і Ігара Бударкевіча адпаведна. У старэйшай узроставай групе (16-17 гадоў) перамог Аляксей Асаевіч, другое месца – у Яўгена Баравікова.
Мнагабор’е
У бескампраміснай барацьбе прайшло мнагабор’е “Здароўе”. З найлепшага боку паказалі сябе лёгкаатлеты з ОКЗ і райспажыўтаварыства. У праграму мнагабор’я ўваходзілі бег на 100, 400 і 800 метраў, а таксама падцягванне ў мужчын і адцісканне ў жанчын. У асабістых заліках перамогу святкавалі Наталля Зуева (райспажыўтаварыства) і Яўген Салаўёў з ОКЗ (на здымку)
Гіравы спорт
Спаборніцтвы па гіравым спорце пастаянна выяўляюць новых асілкаў. Не выключэннем стаў і апошні старт. У вагавой катэгорыі да 70 кг вынікам прыемна здзівіў Аляксей Асаевіч з “Лаўжанскага”. Ён узначаліў прызавую тройку, якую дапоўнілі Аляксей Бабарыка з Обальскага керамічнага завода і Іван Болтак з райспажыўтаварыства.
А вось у вазе звыш 70 кг усё больш упэўнена пра сябе заяўляе Мікалай Лявонаў з лясгасу. Да спартсмена пачаў прыходзіць вопыт выступленняў на адказных стартах, і зараз для яго, як сам адзначае, ужо не галоўнае трапіць у тройку лепшых, а перамагчы, прычым з годным вынікам. Другое месца заняў Яўген Баравікоў (СШ №2), трэцяе – Уладзімір Малахоўскі (ОКЗ).
Валейбол
Было што паглядзець і на першынстве ДЮСШ па валейболе, у якім прынялі ўдзел юныя валейбалісткі трох узроставых груп, а таксама малодшыя хлопчыкі.
На пляцоўцы паказвалі свае ўменні  і вопытныя, і толькі пачынаючыя валейбалісткі. Хочацца вызначыць Таццяну Літоўка (старэйшая ўзроставая група), Алену Аўсяннікаву (сярэдняя) і Лізавету Лапіч (малодшая), якія на гэтых спаборніцтвах заслужылі шмат ухвальных слоў.
Малодшыя хлопчыкі паказалі годную камандную гульню, хоць яўнага лідара на пляцоўцы не было.
Футбол
Завяршыўся Міжнародны алімпійскі дзень на Шуміліншчыне таварыскім матчам па футболе паміж камандамі ФК “Шуміліна” і “Газавік” (Віцебск). Сустрэча была прысвечана памяці галкіпера шумілінскай каманды, які трагічна пайшоў з жыцця.
Ці гатовы нашы футбалісты да першынства вобласці? На гэта пытанне і павінна была адказаць гульня з пераможцам абласнога чэмпіянату і ўладальнікам кубка вобласці віцебскім “Газавіком”.
Пачатак гульні прайшоў у роўнай барацьбе.  У абароне “Шумілі-на” выдзяляліся Аляксандр Архіпаў і Аляксандр Саўчанка, а у нападзенні – Вадзім Райхельсан. Але лік ўсё-такі адкрылі госці. Нашы футбалісты паспрабавалі змяніць становішча, але ўдача яўна адвярнулася: за знос Вадзіма Райхельсана быў прызначаны пенальці, але мяч паляцеў вышэй варот. Пасля замен бліскуча ў гульню ўвайшоў Яўген Салаўёў. Націск на вароты віцяблян прывёў да гола Вячаслава Туманава, праўда, да гэтага нашы землякі прапусцілі другі гол.
У другім тайме каманды абмяняліся галамі (у нас вызначыўся Аляксей Джураеў). 2:3 – перамога “Газавіка”. Але жаданне футбалістаў ФК “Шуміліна” гуляць абнадзейвае перад пачаткам футбольнага першынства вобласці.
Надрукавана ў №38 ад 24.05.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *