В Шумилинском районе проходит неделя леса

Актуалии Экология

Тыдзень лесу

1 па 8 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў рэспубліцы праходзіць традыцыйная добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”. У гэтым годзе ў акцыі юбілей – вось ужо ў дзясяты раз усе жадаючыя могуць унесці ўклад у стварэнне новых лясоў Беларусі.

Пасадзіць дрэўца. Вырасціць лес
Вельмі пажадалі паўдзельнічаць у акцыі і тым самым падаць прыклад іншым старшакласнікі Мішневіцкай сярэдняй школы. Вясеннім сонечным ранкам, у самы разгар канікул, яны разам з настаўнікамі школы  адправіліся ў мясцовае лясніцтва. Кіраванне працэсам узялі на сябе ляснічы Андрэй Віктаравіч Іваноў і ляснік Алег Валяр’янавіч Пятроў. Было вырашана высадзіць саджанцы елкі, бярозы і дуба на ўездзе ў вёску, дакладней, у Мікалаеўскім лесе. Перад пачаткам работы ляснік расказаў, як правільна саджаць дрэўцы, на якую глыбіню, як абціскаць глебу вакол высадка, расказаў пра важнасць лесапасадак.
Падчас пасадкі вучні больш дэталёва пазнаёміліся з прафесіяй лесніка, цікавым падаўся працэс перапрацоўкі дранкі (побач праводзіліся работы па яе нарыхтоўцы).
У выніку плённай працы было пасаджана 0,75 га новага лесу. Падводзячы вынікі зробленага, леснікі ў знак удзячнасці падарылі вучням кнігі пра прыроду. А наогул акцыя дала магчымасць не толькі ўнесці ўклад у стварэнне новых лясоў, але і атрымаць асалоду ад  выдатнага надвор’я, чыстага ляснога паветра, палюбавацца першымі вясновымі кветкамі.
Юлія ЗУБАРАВА, педагог-арганізатар Мішневіцкай СШ.

Дваццаць пяць тысяч соснаў
“Тыдзень лесу” Шумілінскае лясніцтва адзначыла пасадкай 25 тысяч саджанцаў сасны ў кар’ерах, што знаходзяцца ў раёне вёсак Лескавічы і Крупчына.  “Увесь пасадачны матэрыял быў вырашчаны ў пітомніку ў Полцеве”, – паведаміў ляснічы Шумілінскага лясніцтва Андрэй Калдуноў.
З радасцю падтрымалі акцыю работнікі раённай гімназіі на чале з вядомым у раёне эколагам Ірынай Кулікавай. Дарэчы, яна падлічыла, што асабіста пасадзіла ў гэты дзень больш за тысячу сосен. Многія ўпершыню ўдзельнічалі ў такіх маштабных пасадках і адзначылі, што адчуваюць асаблівы гонар ад датычнасці да азелянення планеты. А тое, што па дарозе на Лескавіцкае возера – любімае многімі месца летняга адпачынку – цяпер будуць расці пасаджаныя імі дрэўцы, будуць радаваць усіх, хто праязджае міма, асабліва прыемна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 04.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *