Страницы истории Шумилинского района: храм в деревне Сиротино

Актуалии Край шумілінскі

Драўляная царква ў Сіроціне
У кожнай вёскі і вёсачкі свае глыбокія гістарычныя карані. Не выключэнне і вёска Сіроціна. У кнізе краязнаўца А. П. Сапунова “Спісак населеных месцаў Віцебскай губерні”, датаванай 1906 годам, значыцца, што Сіроціна ў тыя часы называлі мястэчкам, тут пражывала больш за дзве тысячы чалавек, было больш за васемсот драўляных пабудоў і чатыры каменныя, тры вуліцы.
А пазней, у 1907 годзе, на вуліцы Зарэчнай была пабудавана царква. Пра яе гісторыю мы даведаліся ад мясцовых старажылаў. З пакалення ў пакаленне перадаецца  легенда. Расказвала яе Агаф’я Харытонаўна Кляцко, якая калісьці жыла ў Зямцах. Кажуць, што ў Сіроціне дзяўчынка-сірата знайшла ікону, якая ляжала на зямлі. Узрадавалася знаходцы, аднесла яе гаспадару. Але праз некаторы час ікона прапала. А дзяўчынка зноў знайшла яе на тым самым месцы. І так паўтаралася тры разы. Вяскоўцы вырашылі, што гэта божы знак, што ўсявышні падказвае ім, дзе трэба пабудаваць царкву.
“Царква была драўляная, зруб абшыты дошкамі,  а дах бляшаны, пафарбаваны ў зялёны колер, – згадвае жыхар Сіроціна Дзмітрый Акімавіч Дземчанка. – Разам з маці хадзіў у царкву ў выхадныя і святочныя дні. У царквы былі тры купалы (два маленькія і адзін вялікі ў цэнтры) і трох’ярусная званіца. Былі і невялічкія балкончыкі, праўда, ніколі не бачылі, каб на іх хто-небудзь выходзіў. Унутры царква была вельмі прыгожая: іконы, жывапісныя карціны. А храм апаясвала невялікая ліпавая алея.  У камлі яны былі такія тоўстыя, што не ахапіць рукамі”.
Царква ў Сіроціне была пабудавана на ахвяраванні прыхаджан. Прычым грошы збіралі некалькі гадоў. ”Мясцовым святаром у тыя часы быў прызначаны Іаан Гнядоўскі, – удакладняе благачынны цэркваў Шумілінскага раёна Фёдар Пучынскі. – У свой час у некалькіх нумарах газеты “Полацкія епархіяльныя ведамасці” было напісана пра будаўніцтва царквы ў Сіроціне. Прыхаджане абавязваліся здаваць штогод на будаўніцтва храма па пяцьдзесят капеек. Сабралі чатыры тысячы рублёў. Але з Віцебска прыехаў архітэктар Кібардзін і падлічыў, што работа і ўстаноўка іканастасу абыдзецца ў дзесяць тысяч рублёў. Мясцовы памешчык фон Розэн разам са сваёй маці ахвяравалі грошы, якіх не хапала”. У гонар гэтага пад царквой і быў пабудавана фамільны магільны склеп барона фон Розэна. Гавораць, што тут нават бальзаміравалі памерлых. Сёння мы можам убачыць толькі рэшткі гэтага магільнага склепа (на здымку). Сама ж царква была спалена ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Побач з былой царквой – вялікая каменная пліта з выявай крыжа. Гавораць, тут пахаваны адзін з родзічаў барона.
Царква ў Сіроціне з’явілася тым духоўным, грамадскім і культурным цэнтрам, якія аб’ядноўваў людзей. Храм наведвалі і жыхары іншых мястэчак. Кожны год у Сіроціне на 19 студзеня ладзіўся вялікі базар. Сюды прыязджалі нават з Літвы і Латвіі, са Смаленска і Пецярбурга. Усіх, хто прыязджаў на свята, аб’ядноўвала царква, святая вера ва ўсявышняга. Яна ж сабрала ў ноч з 17 на 18 мая 1910 года ўсіх вернікаў, калі пераносілі святыя мошчы Ефрасінні Полацкай са склепа Кіеўска-Пячорскай Лаўры ў Полацк у Свята-Ефрасіньеўскі сабор. Уся працэсія ішла па старой дарозе Віцебск-Полацк. З Заронава накіраваліся ў сіроцінскую царкву. З усёй акругі збіраліся багамольцы. Гавораць, у Сіроціне пабывала прыкладна дзесяць тысяч прыхаджан, дваццаць свяшчэннікаў усю ноч служылі малебен.
“Сіроцінская царква была адной з лепшых у раёне, – гаворыць айцец Фёдар. – Падвальная частка царквы, што захавалася, даволі моцная. Таму ў планах пабудаваць тут невялічкую капліцу”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 14.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *