Шумилинский футбол: разговор о неудачах и надеждах

Спорт, туризм

Першы правалілі, у другім парадавалі
Завяршыўся чэмпіянат вобласці па футболе. ФК “Шуміліна” ў выніковай табліцы групы “Б” другой лігі на перадапошнім месцы. У актыве – сем ачкоў, колькасць забітых і прапушчаных мячоў – 16:27.  Лепшым бамбардзірам з трыма галамі стаў Ігар Дашкевіч. Аляксандр Янкевіч, Юрый Рацкун і Вадзім Райхельсон забілі па два галы, яшчэ  чатыры футбалісты (Максім Лось, Дзмітрый Байдакоў, Алег Шульжынскі і Канстанцін Ермаковіч) вызначыліся па аднаму разу.
Пра сезон, яго здабыткі і няўдачы, а таксама пра планы на будучае размаўляем з гуляючым трэнерам Аляксандрам Ходзюшам і паўабаронцам каманды Ігарам Дашкевічам.
Першы круг быў правалены, набралі ўсяго толькі адно ачко, затое ў другім — адно паражэнне пры адной перамозе і трох нічыйных выніках. Неадназначны сезон. Як яго можна расцэньваць?
АХ: Сезон можна ацэньваць як нядрэнны. Не было разгромных паражэнняў, у большасці прайграных сустрэч мы глядзеліся годна, часам не шанцавала. Чаму выдаліся такія супрацьлеглыя кругі? У першым галоўнае было вызначыцца з асновай каманды, выбраць менавіта тых, хто на гэты момант мацнейшы. Ды і моладзі далі шанс праявіць сябе на полі. А вось у другім крузе гуляла каманда ўжо з трывалым саставам. Гэта і дало вынік. Па выніках другога круга мы на трэцім месцы.
ІД: Безумоўна, у параўнанні з мінулым сезонам гэты можна назваць паспяховым. Былі і набраныя ачкі, і забітыя галы. Але ж перадапошняе месца ў групе радаваць не можа. Лічу, што ў першым крузе з-за трэнерскіх эксперыментаў з саставам мы страцілі даволі шмат ачкоў. Замены павінны ўмацоўваць каманду, а не аслабляць яе. А шанс пагуляць усім трэба даваць у стопрацэнтна выйграных альбо прайграных матчах.
— Для каго гэты сезон, на ваш погляд, найбольш удалы? І ўвогуле, давайце паразмаўляем пра лініі ФК “Шуміліна”.
АХ: Пачну з другой часткі пытання. Самая праблемная пазіцыя – галкіпер. Руслан Куксёнак добра правёў сустрэчы, але на замену няма нікога. Самая сыграная лінія – абаронцы, з якіх прагрэсіруе Аляксандр Саўчанка. Цэнтр поля, дзякуючы апорніку Ігару Дашкевічу, набыў нармальны выгляд. Ды і на перадзе ёсць каму гуляць. Як каманда, так і нашы лініі фактычна роўныя, без нейкіх правалаў. Менавіта адзначаныя футбалісты і лепшымі, на мой погляд, былі.
ІД: Цяжка сказаць, хто сёлета быў лепшы. У прынцыпе ўсе аднаго ўзроўню, пра гэта сведчыць і тое, што няма яўнага бамбар-дзіра, а вызначылася галамі амаль уся каманда. Вылучыў бы хіба лінію абароны, асабліва парадаваў якасцю гульні Аляксандр Саўчанка. Наконт праблемнай пазіцыі пагаджуся з Аляксандрам Ходзюшам. Калі не было Руслана, амаль паўкаманды адстаяла “ў рамцы”…  А што пра лініі адзначыць? Усе на сваіх пазіцыях, ніхто са складу не вызначаецца, на жаль, у нас няма яўнага лідара. Хаця невядома, ці мінус гэта…
— Чаго чакаць наступным сезонам ад ФК “Шуміліна”?
АХ: Састаў ёсць, сыгранасць адточваем. Думаю, нам па сілах пазмагацца за выхад у вышэйшую лігу абласнога першынства.
ІД: Чакаць, зразумела, не перадапошняга месца, а значна вышэй, не фантастыка – і першае-другое месцы. Галоўнае, ёсць каманда, людзі, апантаныя футболам. Закончыўся час эксперыментаў і прыйшоў час даваць станоўчы вынік, якога зачакаліся прыхільнікі нашага мясцовага футболу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №78 ад 11.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *