9 февраля в Шумилино прошёл спортивный праздник «Белорусская лыжня»

Актуалии Новости Спорт, туризм

На лыжах – за здароўем і настроем
Больш за 200 аматараў лыж стартавалі на “Беларускай лыжні” ў суботу на гарадскім стадыёне г. п. Шуміліна. Сапраўдным упрыгожаннем культурна-спартыўнага свята стала наша зямлячка член юніёрскай зборнай па біятлоне Вольга Гаўрылкіна.
У суботу на гарадскім стадыёне ў райцэнтры адбылося  культурна-спартыўнае свята “Беларуская лыжня-2019”, якое традыцыйна прываблівае ўсіх аматараў зімовага адпачынку, і асабліва тых, хто любіць правесці вольны час на лыжах. Шматгадовыя назіранні за атмасферай свята дазваляюць адзначыць, што ўжо сфарміраваны касцяк удзельнікаў спаборніцтваў і асноўных канкурэнтаў за прызавыя месцы. Яшчэ калі толькі ўдзельнікі лыжных гонак, балельшчыкі збіраюцца на стадыёне, у паветры з’яўляецца нейкі няўлоўны дух саперніцтва: пастаянныя ўдзельнікі  стартаў прыглядаюцца, ці прыехалі асноўныя лідары спаборніцтваў, які іх настрой, высвятляюць, ці з’явіліся новыя ўдзельнікі, які могуць скласці канкурэнцыю, унесці новую хвалю ў спаборніцтвы. Дарэчы, гэты канкурэнтны дух не перашкаджае цёпла вітаць адзін аднаго, падбадзёрваць, жартаваць. Многія хуценька пачалі размінацца, абкатваць лыжню, каб высветліць яе стан, вызначыць для сябе складаныя месцы. Тым больш, што адліга, якая здарылася напярэдадні, моцна сапсавала снежнае покрыва, ператварыла мяккі снег ў шчыльны, ледзяністы шарон.
А тут і пятрушкі-забаўнікі заклікаюць на пастраенне, дзе ўдзельнікаў свята вітала кіраўніцтва раёна і ганаровы госць спаборніцтваў – член юніёрскай зборнай Беларусі па біятлоне, прызёр міжнародных спаборніцтваў Вольга Гаўрылкіна. Каманды арганізацый і прадпрыемстваў раёна выстройваюцца перад імправізаванай сцэнай. Выконваючая абавязкі старшыні райвыканкама намеснік старшыні Святлана Цімашэнка павіншавала ўсіх са святам спорту, адзначыла, што на гэтыя спаборніцтвы штогод збіраюцца сапраўдныя аматары лыжнага спорту ўсіх ўзростаў, падтрымліваючы сувязь пакаленняў. Менавіта з такіх стартаў пачынаўся шлях у вялікі спорт для Вольгі Гаўрылкінай, Ганны Сола і іншых вядомых спартсменаў-землякоў, падкрэсліла Святлана Віктараўна. Яна пажадала ўсім добрых стартаў і пераможных фінішаў.
Старты адкрылі ветэраны спаборніцтваў – прадстаўнікі старэйшага пакалення. Найбольшую цікаўнасць выклікалі жаночыя старты самых маладых прадстаўніц, бо менавіта ў іх вырашылі паказаць майстар-клас Вольга Гаўрылкіна і яе сяброўка Аліна Гаўруцікава. Лёгка і імкліва, літаральна на адным дыханні, праляцелі кароткую дыстанцыю дзяўчыны, сарваўшы на фінішы апладысменты балельшчыкаў. Дарэчы горача падтрымлівалі прадстаўнікі каманд і балельшчыкі ўсіх спартсменаў, падбадзёрвалі на дыстанцыі, віталі на фінішы. І няхай узровень удзельнікаў вельмі розны, калі адны праходзяць дыстанцыю хутка і ўпэўнена, а другія адстаюць і збіваюць дыханне. Але кожны паказваў характар, калі імкнуўся вытрымаць да канца, нават калі ішоў апошнім.
Традыцыйнай стала на лыжні і сямейная эстафета, на якую выйшлі маленькія лыжнікі разам з матулямі, татамі і дзядулямі. І няхай не ўсе прайшлі дыстанцыю, бо самым маленькім было па чатыры-пяць гадоў, няхай камусьці з іх выступленне паказалася не вельмі ўдалым і выклікала слёзы, адчувалася, што дух спаборніцтваў ужо пранік ў іх сэрцы, што на наступны год яны самі папросяць бацькоў запісацца на лыжныя старты.
Ну а самая прыемная цырымонія адбывалася канешне ж на п’едэстале, на якім пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымлівалі віншаванні, граматы і прызы.
А для ўсіх удзельнікаў культурна-спартыўнага свята была падрыхтавана музычна-забаўляльная праграма, можна было набыць сувеніры і розныя прысмакі.
Арганізатарамі свята выступілі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Пераможцы і прызёры раённага культурна-спартыўнага свята
“Беларуская лыжня-2019”
18-29 год
Мужчыны
1. Уладзіслаў Марудаў (вытворчы цэх ААТ “Малако”);
2. Віктар Полацкі (РАНС);
3. Станіслаў Гаралевіч (РАУС).
Жанчыны
1. Вольга Гаўрылкіна (асабісты залік);
2. Аліна Гаўруцікава (асабісты залік);
3. Юлія Конышава (Мішневіцкая яслі/сад-БШ).
30-39 год
Мужчыны
1. Рыгор Пушкароў (“Раднік”);
2. Аляксандр Лысанаў (ОКЗ);
3. Аляксандр Рабычын (ТЦСАН).
Жанчыны
1. Анастасія Талкачова (ЦРБ);
2. Валянціна Жыжова (“Лаўжанскае”);
3. Кацярына Чарнышова (Амбросавіцкі яслі/сад-БШ).
40-49 год
Мужчыны
1. Мікалай Гаралевіч (РАУС);
2. Павел Ліпчанка (ЖКГ);
3. Аляксандр Ходзюш (яслі/сад №1 г. п. Шуміліна).
Жанчыны
1. Антаніна Караленка (аддзел па адукацыі райвыканкама);
2. Святлана Шуляр (Шумілінская СШ №1);
3. Ганна Міляк (Кардонская СШ).
50-59 год
Мужчыны
1. Юрый Рагозін (Светласельскі яслі/сад);
2. Сяргей Палячанкоў (“Вежа”);
3. Юрый Лапацін (Амбросавіцкі яслі/сад-БШ).
Жанчыны
1. Галіна Балыкова (ПМК-70);
2. Марыя Шнітко (Кардонская СШ);
3. Любоў Сабалеўская (Язвінскі яслі/сад).
60 і старэй
Мужчыны
1. Аляксандр Барысевіч (“Шумілінскі лясгас”);
2. Аляксандр Штокін (Обальская СШ);
3. Павел Багданаў (ПМК-70).
Жанчыны
1. Надзея Шкель (рэдакцыя);
2. Інэта Пацалуйка (Добрынскі яслі/сад);
3. Марыя Фамянкова (асабісты залік).
Сямейная эстафета
1. Сям’я Траццяковых;
2. Сям’я Скорынавых;
3. Сям’я Кучко.
Надрукавана ў №13 ад 12.02. 2019 г.