В. И. Попелова. Повседневные хлопоты директора школы

Образование

Штодзённыя клопаты і радасці дырэктара
Сучасная ўстанова адукацыі патрабуе адказнага і прафесійнага кіраўніцтва. У гэтым сэнсе Льнозаводскай д/с-пачатковай школе пашанцавала. Дырэктар установы Валянціна Іванаўна Попелава як раз з тых кіраўнікоў, якія ўмеюць арганізаваць справу, з’яднаць калектыў, не баяцца браць на сябе адказнасць. На пасадзе – 10 год, у педагогіцы – 25.
Пачатковая школа-сад – арганізм своеасаблівы, упэўнена Валянціна Іванаўна. Тут увесь вучэбна-выхаваўчы працэс будуецца на гульнях, казках, на тым, што будзе цікава для дашкалят і малодшакласнікаў. А для гэтага перш за ўсё трэба стварыць адпаведную  атмасферу, прадумана абсталяваць зоны вучобы і гульняў дзяцей. З гэтай упэўненасцю і пачынала работу дырэктар: разам з калектывам пераўтваралі групы і класы, а таксама звычайныя гульнявыя пляцоўкі ў астраўкі прыгод і забаў. Цяпер ранкам і пасля ўрокаў дзевяць дашкалят і столькі ж вучняў 1-4-ых класаў з задавальненнем адпачываюць на запоўненым казачнымі персанажамі, вясёлым участку. Не сумна ім і вучыцца, бо на занятках і ўроках актыўна выкарыстоўваюцца элементы гульнявых тэхналогій. За што школа адзначаецца аддзелам адукацыі райвыканкама.
– Калектыў педагогаў у нас невялікі: выхавацелі В. Р. Казлова, Н. М. Лазука і настаўнікі Г. Д. Міхалоўская, Т. А. Хаеўская, Л. П. Раманенка. Усе маюць высокія кваліфікацыйныя катэгорыі, усе любяць сваіх выхаванцаў, усе стараюцца за-цікавіць дзяцей ведамі, – прадстаўляе педкалектыў дырэктар.
Старанні педагогаў недарэмныя: вучні паспяхова засвойваюць матэрыял, з задавальненнем удзельнічаюць у раённых і малых завочных міжнародных алімпіядах, у якіх неаднаразова атрымлівалі прызавыя месцы за работы па матэматыцы і прыродазнаўству. Але не толькі гэта прыцягвае дзяцей у школу.
– Падабаецца нашым хлопчыкам і дзяўчынкам спяваць і танцаваць. Падрыхтуюць нумары і з канцэртнай праграмай ідуць на сцэну актавай залы льнозавода, каб парадаваць сваімі талентамі бацькоў, – дзеліцца добрымі справамі школы яе кіраўнік. А трэба адзначыць, што сем’і ў нашых выхаванцаў добрыя і бацькі з задавальненнем прымаюць удзел у сумесных мерапрыемствах.
Не абмінулі ў размове са школьным кіраўніцтвам і пытання матэрыяльнага забеспячэння ўстановы. Безумоўна, грошай заўсёды не хапае. Але дырэктар і калектыў ведаюць, што на асобныя дапаможнікі можна зарабіць і самім. Пакласці грошы на спецрахунак дапамагае агарод. Тут дружная карпатлівая праца (асабліва адзначае дырэктар персанал школы) дае свой плён: урадзіла і капуста, і морква. Разышоўся ўраджай умомант на восеньскім кірмашы, што ладзіўся ў кастрычніку ў райцэнтры. Актыўна праходзіць у школе збор макулатуры. Не прастойвае дарэмна аргтэхніка. Так што даведзены план самастойнага заробку ў мільён шэсцьсот тысяч рублёў выканалі. Менавіта са спецрахунку куплены ў школу музычны цэнтр, а раней і тэлевізар, і мотакаса, і прынтар, і касцюмы дзеда Мароза і Снягуркі, і іншае з неабходнага.
Безумоўна, на ўтрыманне такіх маленькіх школ дзяржаве прыходзіцца ўкладваць немалыя сродкі. Але, нягледзячы на невялікую колькасць вучняў, пачатковыя школы, у тым ліку і Льнозаводская, падтрымліваюцца і на абласным, і на раённым узроўнях. А на ўтрыманне аднаго вучня ў год у сярэднім па раёне затрачваецца больш за 8,5 мільёна рублёў.
Радуе Валянціну Іванаўну, што школа працуе, а з далучэннем Дабей-скай пачатковай колькасць вучняў будзе павялічвацца. Задаволена тым, што і педкалектыў, і персанал, і бацькі вучняў яе разумеюць і ва ўсім пад-трымліваюць. Апошнія ў сваю чаргу цэняць дырэктара школы за ўменне спакойна, без нерваў і з павагай да людзей вырашаць усе пытанні.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *