Да канца кастрычніка ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава «Святое імя – Ефрасіння»

Культура Новости

«Святое імя – Ефрасіння»

Урачыстае адкрыццё выставы «Святое імя – Ефрасіння», прысвечанай вялікай Святой, асветніцы, заступніцы нябеснай Зямлі Беларускай Ефрасінні Полацкай, адбылося ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Сустрэча прайшла з удзелам арганізатараў – прадстаўніка культурна-інфармацыйнага цэнтра «Скарбы свету» (г. Віцебск), Віцебскага аддзялення «Рускага таварыства пры пасольстве Расіі ў Беларусі» Валянціны Маісеенкі.
Многія шумілінцы знаёмыя з Валянцінай Іванаўнай па ранейшых выставах, таму чакаюць дня ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства, бо сустрэчы звычайна праходзяць вельмі цікава, інфармацыйна насычана, духоўна прасякнута.
Вось і на гэты раз Валянціна Маісеенка пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы са старонкамі жыцця Ефрасінні Полацкай: як яна прыйшла да царквы, якую ролю адыграла ў гісторыі і асветнай дзейнасці, якую духоўную спадчыну пакінула пасля сябе.
Зразумела, усе віды мастацтва не маглі застацца раўнадушнымі да Прападобнай. Знакамітай палачанцы прысвечана шмат работ, даследаванняў, манаграфій, мастацкіх твораў. І, канешне ж, яе шматгранны вобраз адлюстраваны і ўвасоблены на палотнах. Спынілася В. І. Маісеенка на тым, як збіралася выстава, якой ужо 15 год, як папаўняецца і сёння новымі жаданымі і ўнікальнымі творамі.
Шуміліншчына мае таксама непасрэднае дачыненне да Святой. Калі ў пачатку мінулага стагоддзя мошчы Ефрасінні Полацкай пераносіліся з Кіева-Пячорскай Лаўры на яе гістарычную радзіму ў Полацк, у Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, шлях ляжаў праз наш раён. І многія жыхары былі сведкамі гэтай урачыстай працэсіі, маглі дакрануцца да святыні і пакланіцца яе мошчам. Ва ўсім гэтым былі непахісная вера, глыбокая павага і надзея на нябесную заступніцу.
Сёння выстава дае магчымасць далучыцца да духоўнасці і духоўнага жыцця Ефрасінні Полацкай жыхарам Шуміліна і раёна. На ёй прадстаўлены рэпрадукцыі ікон, фрэсак, карцін, малюнкаў, графікі. Ёсць тут унікальныя творы, якія перажылі стагоддзі.
Выстава будзе працаваць у Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі да канца кастрычніка.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №74 ад 22.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *