Алена Трошчанка – 20 год на юрыдычнай службе

Экономика

20 год у юрыдычнай службе

Алена Васільеўна Трошчанка, начальнік прававой і кадравай службы УП ЖКГ, адзначыла ў гэтым годзе адразу два прафесійныя юбілеі: 20 год, як працуе ў юрыдычнай службе і 15 год работы ў камунгасе.

Алена Васільеўна закончыла тэхнікум па спецыяльнасці правазнаўства, а потым павышала прафесійны ўзровень у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Першым яе рабочым месцам стаў Шумілінскі хлебзавод. Пасля Алена Трошчанка ўладкавалася ва УП ЖКГ: спачатку працавала намеснікам начальніка юрыдычнага аддзела, а восем год таму ўзначаліла прававую і кадравую службу прадпрыемства. «Адказваю за работу ўсяго аддзела, – кажа Алена Васільеўна. – Займаюся складаннем дагавораў з прадпрыемствамі на аказанне паслуг, спагнаннем даўгоў – на жаль, яны ёсць практычна кожны месяц. У мае абавязкі ўваходзіць візіраванне дакументаў, прыняцце ўдзелу ў складанні калектыўных дагавораў, кансультацыя работнікаў па юрыдычных пытаннях і многае іншае».
Калегі Алены Трошчанкі кажуць, што яна разбіраецца ў любых прававых пытаннях і з’яўляецца прафесіяналам сваёй справы. Яна гатова працаваць дзень і ноч, пакуль не дойдзе да ісціны і не дапаможа чалавеку. Алена Васільеўна пастаянна вывучае змяненні ў законах, нарматыўных актах, займаецца самаадукацыяй. «Юрыст не павінен ведаць усе законы на памяць, – кажа жанчына. – Гэта проста немагчыма ў наш імклівы час, калі многае ў правазнаўстве хутка мяняецца. Галоўнае ведаць, дзе знайсці патрэбны закон і як яго правільна прымяніць».
Алена Трошчанка – чалавек дапытлівы, актыўны, прымае ўдзел у розных прафесійных конкурсах, неаднаразовы перамагала ў іх. Самым важкім сваім дасягненнем, якім ганарыцца, лічыць перамогу некалькі гадоў таму ў Міжнародным конкурсе карпаратыўных юрыстаў. На яго (конкурс праводзіўся ў Мінску) ездзілі ўсім аддзелам прававой службы УП ЖКГ і прывезлі адтуль трэцяе месца. А год назад работа Алены Трошчанка заслужана была адзначана занясеннем на Дошку гонару прадпрыемства.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №95 ад 04.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *