В Шумилино прошел турнир по волейболу памяти Петра Акуционка

Спорт, туризм

На арэлях удачы
13-15 студзеня ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны турнір па валейболе, прысвечаны памяці Пятра Акуцыёнка. У спаборніцтвах прынялі ўдзел валейбалісты 1995-1996 і 1997-1998 гадоў нараджэння. Трэба адзначыць, што сёлетні турнір выдаўся прадстаўнічым. У дзвюх узроставых групах за перамогу змагаліся каманды Шуміліна, Бешанковіч, Глыбокага і Віцебска, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца лідарамі абласнога валейболу.
Непрадказальны выдаўся турнір сярод меншых валейбалістаў. Наша каманда была прадстаўлена эксперыментальным саставам. Трэнер Анатоль Завадскі даў магчымасць кожнаму юнаму спартсмену выйсці на пляцоўку, адчуць атмасферу барацьбы і паказаць сябе. Гэтыя валейбалісты толькі робяць першыя крокі ў валейбольнім свеце, наігрываюць камбінацыі, знаходзяць узаемапаразуменне на пляцоўцы, вызначаюцца з лідарамі каманды. Вось гэтыя акалічнасці і надавалі інтрыгі кожнай сустрэчы.
На пляцоўцы – роўныя каманды. Лік ідзе ачко ў ачко. На жаль, на такіх арэлях матчаў нашым землякам не пашанцавала – адну сутрэчу выйгралі, дзве прайгралі. У выніку – трэцяе месца, а перамогу святкавалі валейбалісты з Бешанковіч.
Сапраўднае свята валейболу падарылі старэйшыя валейбалісты. Яны ўжо амаль прафесіяналы, выступалі на розных турнірах і спаборніцтвах. Прыгожыя камбінацыі, падачы і прыёмы, блокі. Сапраўдная эстэтыка для валейбольных гурманаў. Парадавала і тое, што нашы валейбалісты былі на ўзроўні. Лідар каманды Арцём Масько цудоўна адчувае гульню і вядзе яе. Ды і астатнія валейбалісты (Віталь Шыёнак, Уладзіслаў Парамянкоў, Уладзіслаў Вязіцкі, Аляксей Бурлакоў і Станіслаў Лялюга) перад дамашнімі гледачамі выкладаліся поўнасцю. У выніку – перамога ў нялёгкай барацьбе на хатнім турніры.
Вынікі турніру падсумаваў трэнер каманды Анатоль Завадскі:
— Турнір удаўся. Добры ўзровень сёлетніх удзельнікаў. Меншыя валейбалісты атрымалі дастаткова гульнявой практыкі, што ў далейшым дапаможа ім вырасці ў спартыўным плане. А для старэйшых турнір стаў добрай рэпетыцыяй перад “Алімпійскімі днямі моладзі”, якія пройдуць у лютым.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №6 ад 20.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *