Главная тема шумилинских новостей – последствия морозной погоды

Актуалии Новости

Мароз прыціснуў
Адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкама. На парадку дня злабадзённая тэма: арганізацыя работы народна-гаспадарчага комплексу раёна ў сувязі з вялікімі маразамі.
Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый ўказана правесці пазачарговыя інструктажы па тэхніцы бяспекі з вартаўнікамі, качагарамі, рабочымі, усімі, хто адказвае за электразабеспячэнне і ацяпленне. Райаддзел па надзвычайных сітуацыях, аварыйна-рамонтныя брыгады, дзяжурна-дыспетчарскія службы прадпрыемстваў раёна працуюць ва ўзмоцненым рэжыме і павышанай гатоўнасці. Аб усіх здарэннях у раёне паведамляецца ў РАНС, які з’яўляецца каардынацыйным цэнтрам.
Аварыю ліквідавалі
У сераду, 1 лютага, з дыспетчарскай службы Обальскай кацельні ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне: прыпынілася работа кацельні. У выніку спынення падачы электраэнергіі перасталі працаваць два газавыя катлы і адзін кацёл на цвёрдым паліве. Амаль тысяча кватэр і дзесяць адміністрацыйных будынкаў, у тым ліку школа, бальніца, дзіцячы садок былі пастаўлены пад пагрозу застацца без цяпла. На ліквідаванні надзвычайнай сітуацыі, акрамя выратавальнікаў, працавалі аварыйныя брыгады Обальскага керамічнага завода, шумілінскіх электрасетак.
Дзякуючы агульным намаганням праз паўгадзіны работа кацельні была адноўлена. На жыццядзейнасць людзей аварыя не паўплывала, падкрэсліў сакратар камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкама В. В. Шархун.
Заняткі адмянілі
Калі а сёмай гадзіне раніцы слупок тэрмометра паказвае мінус 25 градусаў і ніжэй, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама мае права прыняць рашэнне аб адмене школьных заняткаў, паведаміў рэдакцыі галоўны санітарны ўрач раёна В. Р. Бурэнь. І такое рашэнне ўчора было прынята. Да канца бягучага тыдня заняткі адменены ва ўсіх школах раёна. Выключэнне складае толькі раённая гімназія – там дзеці жывуць у інтэрнаце.
Дапамога ў дарозе
У марозныя дні ўзмоцнены рэжым і ў супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі. Дзяжурныя на дарогах раёна дапамагаюць тым вадзіцелям, у якіх сапсавалася ці заглохла машына. Як нам паведаміў начальнік ДАІ М. У. Гаралевіч, дапамаглі пяцярым вадзіцелям. Напрыклад, вечарам 30 студзеня ля аўтазаправачнай станцыі ў Шуміліне ў жыхара Міёр заглохла машына. Супрацоўнікі ДАІ адбуксавалі машыну на стаянку РАУС, а самога вадзіцеля напаілі гарачым чаем і ўладкавалі ў гасцініцу. На наступны дзень у цёплым гаражным боксе адагрэлі машыну, удзячны вадзіцель паехаў дадому.
З адмаражэннямі – у бальніцу
У марозныя дні прыбавілася работы медыкам. Некалькі чалавек звярнулася за кансультацыяй да ўрачоў з пачырваненнямі скуры твару і рук. А адзін жыхар райцэнтра шпіталяваны ў бальніцу з абмаражэннем пальцаў рук. Галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў  рэкамендуе жыхарам раёна без патрэбы не хадзіць на вялікія адлегласці, цёпла апранацца, берагчы сябе і сваіх родных.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2012 г.
Конкурс молодых исполнителей «Песни юности наших отцов» приглашает 5 февраля в Шумилинский ГДК исполнителей и зрителей
Спяваем песні бацькоў
Прыжыўся на Шуміліншчыне і стаў папулярным конкурс маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Сёлета ён запросіць маладых выканаўцаў (ад 16 да 31 года) ў ГДК 5 лютага ў 11.00.
Удзельнікі конкурсу ўключаюць у рэпертуар лепшыя ўзоры савецкай (у тым ліку і беларускай) і замежнай эстрады 1930—1995 гадоў. Кожны ўдзельнік выканае дзве песні: грамадзянска-патрыятычнага характару і шлягер.
Журы падвядзе вынікі па дзвюх намінацыях: саліст-вакаліст; вакальны ансамбль.
Калі ўзрост ці вакальныя даныя не дазваляюць вам стаць удзельнікам конкурсу, станьце гледачом, падтрымайце маладых спевакоў і атрымайце задавальненне ад канцэрта.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *