Не палите сухую траву!

Безопасность

Ад палаў не карысць, а вялікія праблемы

  З пачатку года ў краіне зарэгістравана больш за 5 тысяч загаранняў у прыродных экасістэмах, у асноўным пажараў травы і кустоў. На іх загінуў 21 чалавек, 15 траўміравана, знішчана і пашкоджана 179 пабудоў і 6 адзінак тэхнікі. На Віцебшчыне ліквідаваны адзін лясны пажар у Пастаўскім раёне,  адбылося 249 загаранняў сухой расліннасці на агульнай плошчы амаль 82 га. Сумная статыстыка з пажарамі ў Чашніцкім (22), Аршанскім (20), Бешанковіцкім (20) раёнах. Ратавальнікі б’юць трывогу: колькасць палаў у параўнанні з мінулым годам вырасла ў тры разы.

Напружаная сітуацыя і ў нашым раёне, зазначае першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Маскалькоў. Бываюць дні, калі ратавальнікі выязджаюць па некалькі разоў на палы. Прычынамі пажараў становіцца чалавечая неахайнасць, безадказнасць і грэбаванне правіламі пажарнай бяспекі пры спальванні смецця. Хапае і ахвочых кінуць запалку ці непатушаны акурак у траву.

Пагаршаюць сітуацыю моцныя вятры, якія апошнім часам сталі рэгулярнымі, калі трагічны фінал можа наступіць вельмі хутка. Невядома чым бы закончылася і нядаўняе загаранне сухой расліннасці ў Обалі, калі б не пільнасць і хуткая рэакцыя вучняў Обальскай школы – васьміклас-ніка Ільі Канстанцінава і дзесяцікласніка Дзяніса Гайдукова. Як расказаў начальнік пажарнага аварыйна-ратавальнага паста №11 г. п. Обаль Віктар Баганаў, хлопцы ўбачылі, як агонь падбіраецца да двух гаражоў і ўвязаліся з ім у сутычку, пры гэтым адразу ж выклікалі службу ратавання 101. Калі падраздзяленні прыбылі да месца, падлеткам практычна ўдалося адбіць агонь ад пабудоў. За смеласць, аператыўнасць і правільныя дзеянні атрымалі ад шумілінскіх ратавальнікаў шчырыя словы ўдзячнасці.

Каб не стаць ахвярай загаранняў і не дапусціць пажар у экасістэмах:

– не паліце мінулагоднюю траву – гэта можа прывесці да маштабных бедстваў і трагедыі;

– не паліце смецце ў ветранае надвор’е, бо надзвычай складана кантраляваць агонь, нават калі вы спальваеце на ўчастку невялікую кучу смецця;

– абавязкова пры спальванні смецця варта мець пад рукой сродкі тушэння;

– ні ў якім выпадку не пакідайце агонь без нагляду.

Не забывайце, што акрамя заклікаў ратаваль-нікаў не выпальваць сухую расліннасць, існуе і сур’ёзнае пакаранне за падобныя дзеянні. Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо за непрыняцце мер па ліквідацыі палаў – накладанне штрафу ад 10 да 30 БВ. А за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да 12 БВ. У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры наступае крымінальная адказнасць.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №31 ад 26.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *