Персональная выставка художницы-землячки Валентины Чижиковой проходит в Шумилинском историко-краеведческом музее

Культура Мир увлечений

«Натхненне» Валянціны Чыжыкавай

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі да канца сакавіка будзе працаваць персанальная выстава мастачкі Валянціны Чыжыкавай.

На адкрыццё выставы сабраліся шумілінскія аматары мастацтва, былыя калегі-медыкі, калегі-мастакі з Віцебска, сваякі, актывісты раённай ветэранскай арганізацыі.

– З Валянцінай Мікалаеўнай Чыжыкавай наш музей супрацоўнічае даўно. Першая яе персанальная выстава ладзілася яшчэ ў 2018 годзе, – сказала дырэктар музея Святлана Іванова. – Сёння наша ўстанова разам з мастаком прадстаўляе яе новыя работы. Наведвальнікі музея могуць убачыць цудоўныя пейзажы і нацюрморты, у многіх з якіх пазнаюць прыроду нашага Шумілінскага раёна.

Віншавалі Валянціну Чыжыкаву з новым этапам яе творчай дзейнасці, выказвалі словы ўдзячнасці кіраўнік клуба мастакоў «Контур» культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кольца горада Віцебска “Дзвіна”» Аксана Зорына, старшыня раённай арганізацыі «Беларускага Чырвонага Крыжа» Таццяна Ка-закова, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах, майстар раённага Дома рамёстваў Вольга Загвоздава.

Вячаслаў Дружкін, калега Валянціны Чыжыкавай па мастацкай творчасці і па клубу «Контур», зазначыў прафесійны ўзровень работ мастачкі: «Немагчыма паверыць, што Валянціна Мікалаеўна не мае мастацкай адукацыі, што яна пачынала як аматар, настолькі адразу высокую планку ўзяла ў сваёй творчасці».

Валянціна Мікалаеўна прызналася, што жаданне пісаць кар-ціны прыйшло да яе позна, дзесяць год таму. Пачынаць было страшна, бо адсутнасць ведаў немагчыма замяніць толькі жаданнем. Шмат глядзела майстар-класаў у Інтэрнэце, але яны не давалі ўпэўненасці. Толькі сустрэча з маскоўскай мастачкай Святланай Лісіцынай, якая некаторы час жыла ў Лескавічах, і яе практычныя ўрокі надалі ўпэўненасці ва ўласных сілах.

Валянціна Чыжыкава расказала пра работы, якія прадстаўлены на выставе, пра гісторыю іх стварэння. Яна прадставіла карціну, якая будзе перададзена ў шумілінскі музей і папоўніць яго фонды.

Музычную прэзентацыю мастачкі, яе творчасці падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры. Песні, якія гучалі падчас адкрыцця выставы, нібы пераклікаліся з палотнамі на сценах выставачнай залы, стваралі лірычны вясенні настрой.

Не пашкадуйце часу, наведайце шумілінскі музей – яркія, светлыя палотны Валянціны Чыжыкавай, яе пейзажы і кветкі падораць вам радасць і задавальненне.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *