Здоровье наших детей. Как сберечь зрение

Здоровье

Ад школьнага званка  да блізарукасці
Дашкольнікі ў акулярах – з’ява рэдкая. А вось у школе дзяцей са стапрацэнтным зрокам мала. Як паказвае медстатыстыка, да выпускнога класа іх застаецца ўсяго 20%.
Узрост паступлення дзіцяці ў школу супадае з перыядам функцыянальнай няўстойлівасці зроку. А вучэбны працэс звязаны з узрастаючым аб’ёмам зрокавай нагрузкі: у малодшых школьнікаў 5-7 гадзін на дзень, сярэдняга і старшага ўзросту – 8-10.
У нашым раёне на ўліку па розных расстройствах зроку знаходзіцца 54 дашкольнікі і 476 дзяцей школьнага ўзросту. Напружаная праца за сталом ды яшчэ пры дрэнным асвятленні вядзе да змяненняў у вочным яблыку. Развіваецца блізарукасць (міяпія), вучань дрэнна бачыць тэксты на класнай дошцы, прыжмурваецца, да-віць пальцамі на вочы. Гэта павінна насцярожыць і настаўнікаў, і бацькоў, каб накіраваць дзіця да спецыяліста.
Трэба ведаць, што ў групе рызыкі развіцця зрокавага расстройства знаходзіцца школьнік, які рэдка бывае на свежым паветры, маларухомы, аслаблены частымі захворваннямі, які не атрымлівае з харчаваннем дастатковай колькасці вітамінаў. Асабліва важна забяспечыць асветленасць памяшканняў, дзе знаходзяцца дзеці. Найбольш добрым для зрокавай працы з’яўляецца натуральнае асвятленне. Пры выкарыстанні штучнага асвятлення трэба памятаць, што яно па-вінна быць раўнамерным, не ствараць на рабочых паверхнях ценяў і блікаў. Аптымальная магутнасць святла ў настольнай лямпы 60-80 Вт. Прычым павінна быць уключана і верхняе святло, каб не ствараўся рэзкі пераход пры пераводзе погляду ад асветленага сшытка ў цемру пакоя.
Сучасных дзяцей падсцерагае яшчэ адна вялікая небяспека ў аслабленні зроку –  камп’ютар. Асаблівую шкоду ўяўляюць гульні з частай зменай кадраў, зіхаценнем  светлавых эфектаў. Да таго ж, малодшаму школьніку нельга знаходзіцца за маніторам без перапынку больш 10-ці хвілін, а старшакласніку больш 25-30-ці. Трэба не менш чым на 10 хвілін адысці ад тэхнікі, абавязкова праветрыць памяшканне.
Каб зняць напружанне са зрокавага апарата, можна павольна заплюшчваць і расплюшчваць вочы.   А лепш зрабіць гімнастыку. Ёсць простае практыкаванне, якое ўмацоўвае мышцы вочнага яблыка і з’яўляецца прафілактыкай падзення зроку. Падыходзіць яно і дашкольнікам,  і школьнікам, і нават дарослым. Неабходна стаць ля акна, намеціць на шкле на ўзроўні вачэй кропку, паглядзець ўдалечыню, палічыць да 15, перавесці погляд на кропку і таксама палічыць да 15. Рабіць такое практыкаванне трэба на працягу 3-х хвілін, і вельмі добра, калі яно ўвойдзе ў што-дзённую звычку.
Безумоўна, забараніць карыстацца сучаснай тэхнікай будзе няправільным, але выхоўваць у дзяцей правілы карыстання ёй, захоўваючы здароўе, абавязаны ўсе дарослыя, у першую чаргу бацькі.
Л. ЗАВАДСКАЯ, урач-педыятр “Шумілінскай ЦРБ”.
Надрукавана ў №77 ад 28.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *