Учитель музыки

Культура Образование

Калі душа просіць музыкі
Пальцы ўмела і ўпэўнена націскаюць на кнопкі баяна — і пакой запаўняе вясёлая  жвавая мелодыя. На твары маёй размоўцы з’яўляецца светлая ўсмешка, а ў вачах  загараюцца задорныя іскрынкі. Для яе кожная сустрэча з  музыкай — ці то звычайныя заняткі з дзецьмі, ці то выступленне з аркестрам — гэта рандэву са светам творчасці і  гармоніі.
Поруч з нотамі і гукамі Ганна Багданава (на здымку) ідзе па жыцці з самага маленства. Захапленне баянам, якое перарасло ў прафесійны занятак, было невыпадковым. Як не пасябраваць з музыкай, калі гэта сямейная справа! Калі бацька – настаўнік музыкі, а маці – музычны кіраўнік дзіцячага садка. Так, сапраўды, размова ідзе пра сям’ю музыкантаў Рыгора і Галіны Згірскіх.
Знаёмства Ганны з музыкай пачалося з першых дзён жыцця, потым яна вучылася ў музычнай школе,  чатыры гады  ў музычным вучылішчы, пасля – ва універсітэце імя Машэрава. 14 год навучання! Столькі ж гадоў Ганна працуе ў музычнай школе, у той самай,  куды  некалі бегала сама.
Цешыць Ганну Рыгораўну тое, што пасля выпускнога ў школе мастацтваў для некаторых яе вучняў гучыць першы званок у музычных навучальных установах. Не так даўно ён гучаў для Насці Міглан, якая зараз вучыцца ў музычным каледжы імя І. Салярцінскага. У гэтым годзе заканчваюць вучобу тры выпускнікі, а ўсяго ў  яе 13 вучняў.  Выхаванцы Г. Р. Багданавай з поспехам выступаюць на абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
Ганна Багданава — творчы чалавек. Яна не абмяжоўваецца сваім  інструментам, выступае ў народным аркестры пад кіраўніцтвам Алены Сініцкай, у складзе трыа баяністаў (Скорынаў В., Чарткова С., Багданава Г.).
Жыць становіцца весялей, калі, спяшаючыся па сваіх справах, з прыадчыненых вокнаў раптам чуеш музыку. Не абавязкова віртуознае выкананне, а першыя гамы, эцюды, ломкія акорды або ўпартае паўтарэнне аднаго і таго ж такта. Хтосьці вучыцца. Чыясьці душа  просіць музыкі…
Вольга ДРОЗД, грамадскі карэспандэнт.
Надрукавана ў №78 ад 02.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *