Республиканский смотр-конкурс «Клуб года» в Ловжанском сельском центре культуры и досуга

Культура

Мікіціхінская глыбінка вітала гасцей
3 кастрычніка Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу трымаў своеасаблівы экзамен – тут працавала камісія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Як паведаміла рэдакцыі галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая, аграгарадку Мікіціха разам з аграгарадком Відзы Браслаўскага раёна выпаў гонар прадстаўляць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы клубных устаноў аграгарадкоў “Клуб года”.
Гэта вельмі адказная місія, вядома ж, да мерапрыемства рыхтаваліся ўсе: ад мікіціхінскіх удзельнікаў мастацкай самадзейнасці да раённага метадычнага цэнтра і аддзела культуры райвыканкама. Шмат было работы, шмат хваляванняў. Да конкурсу былі падрыхтаваны выставы народнай творчасці мясцовых майстроў, філіяла раённага Дома рамёстваў, была старанна прадумана і падрыхтавана прэзентацыя работы клубнай установы.
Па сцэнарыю заключным этапам прэзентацыі павінна была стаць тэматычная сустрэча, прысвечаная Дню маці – па сутнасці, канцэрт, на які не прамінула ў вызначаны час прыйсці большасць жыхароў аграгарадка. І хоць камісія па рабочых справах затрымалася больш чым на паўтары га-дзіны, гледачы праявілі стойкасць (за што работнікі культуры выказваюць ім асаблівую ўдзячнасць) і з усіх сіл падтрымлівалі сваіх таленавітых землякоў.
Але напачатку прадстаўнікі міністэрства прааналізавалі работу ўсіх падраздзяленняў Цэнтра культуры – бібліятэкі, філіялаў дзіцячай школы мастацтваў і Дома рамёстваў, вывучылі дакументацыю, пазнаёміліся з інфармацыйнымі стэндамі, агледзелі выставы.
У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч азнаёміў высокіх гасцей з Шумілінскім раёнам, з яго славутасцямі, дасягненнямі, у тым ліку і культурнымі. Перад гасцямі выступіла таксама і старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко.
Камісія адзначыла, што кіраўніцтва раёна, мясцовы сельвыканкам не стаяць у баку ад культурнага жыцця аграгарадка, што на карысць справе і цеснае супрацоўніцтва Цэнтра культуры з установамі адукацыі, з раённым аддзелам унутраных спраў.
Добрае ўражанне на сталічных гасцей аказаў сам будынак Цэнтра культуры, умовы, якія тут створаны для культурнага развіцця асобы. Станоўча было адзначана і тое, што Цэнтр працуе па спецыяльных праектах. Сёлета гэта “Мікіціхінская глыбінка”. Што гэта такое – і дэманстравала Мікіціха 3 кастрычніка. А гэта і чыстыя добраўпарадкаваныя вуліцы аграгарадка, і дыхтоўны будынак Цэнтра культуры, і багатыя выставы, і сама-дзейныя артысты на сцэне з песнямі пра маці, з калыханкай, з малітвай за бацькоў, з мікіціхінскай кадрыляй, нарэшце (кадрыля – гэта асобная гаворка, гэта цэлы спектакль з асобнай самабытнасцю і характарам кожнай пары)…
У цэнтры тэматчынай сустрэчы была і маладая сям’я Бардзюковых з Мікіціхі, якая ўдзельнічае ў раённым конкурсе на лепшую сельскую маладую сям’ю. У бліц-інтэрв’ю Бардзюковы выказалі ўпэўненую нацэленасць на перамогу ў конкурсе, у гэтым іх шчыра падтрымалі жыхары і госці Мікіціхі. А старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» В. Г. Навіцкая ўручыла маладой сям’і сувенір.
Вынікі агляду-конкурсу будуць падведзены ў снежні, але ўжо сёння зразумела, што Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу, увесь аграгарадок Мікіціха і аддзел культуры райвыканкама экзамен на прафесіяналізм, на артыстызм і на гасціннасць вытрымалі годна.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №80 ад 09.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *