Детей и взрослых в свои кружки приглашает Шумилинский дом ремёсел

Культура Мир увлечений

Шумілінскі Дом рамёстваў запрашае
У Шумілінскім Доме рамёстваў працуюць гурткі і народныя клубы. Наведваць іх могуць як дзеці, так і дарослыя.
Мы прапануем нашым чытачам пазнаёміцца з гэтымі гурткамі і вызначыцца з выбарам.
НАРОДНЫ КЛУБ НАРОДНЫХ МАЙСТРОЎ “СПАДЧЫНА” (кіраўнік В. В. Загвоздава)
Сёння народны клуб народных майстроў “Спадчына” аб’ядноўвае 24 чалавекі. Гэта людзі з розных куткоў раёна, апантаныя любімай справай. Яны плятуць, лепяць, вышываюць, ткуць. Задача клуба – захаваць рэгіянальныя традыцыі, падтрымаць народных майстроў, рэкламаваць іх вырабы. Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных выстаў. Кожны год прымаюць ўдзел у мерапрыемствах на “Славянскім базары ў Віцебску”. І прывозяць адтуль дыпломы розных ступеняў. Неаднаразова клуб “Спадчына” ўзнагароджваўся дыпломамі міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”, абласных і раённых мерапрыемстваў.
Народны клуб “Спадчына” запрашае да сябе новых майстроў, якія займаюцца лазапляценнем, бісерапляценнем, вышыўкай… Заняткі праходзяць па панядзелках-пятніцах з 17.00 да 19.15, суботах – з 10.15 да 17.00.
НАРОДНЫ КЛУБ АМАТАРАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУХНІ “РАЗЫНКА” (кіраўнік В. Г. Навіцкая)
Мэта народнага клуба аматараў нацыянальнай беларускай кухні “Разынка” – папулярызацыя рэгіянальнай кухні. Удзельнікі клуба (іх зараз налічваецца 17 чалавек) збіраюць рэцэпты розных страў, робяць буклеты. Прапагандуюць беларускую нацыянальную кухню на розных раённых, абласных і міжнародных мерапрыемствах. І маюць за гэта ўзнагароды. Напрыклад, дыплом “За міжнароднае супрацоўніцтва”, выдадзены Лодзінскім ваяводствам Польшчы. Неаднаразова майстры клуба ўзнагароджваліся на абласным свяце нацыянальных культур “Нас з’яднала зямля Беларусі”, свяце гумару, іншых абласных і раённых мерапрыемствах, міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». Заняткі праходзяць па панядзелках-пятніцах з 17.30 да 19.00, па нядзелях – з 10.30 да 15.30.
ДЗІЦЯЧЫ ЎЗОРНЫ ЛЯЛЕЧНЫ ТЭАТР “БАТЛЕЙКА”
Многія дзеці мараць стаць артыстамі. А паспрабаваць свае сілы можна ў дзіцячым узорным лялечным тэатры «Батлейка». Тут навучаць рабіць казачных персанажаў, дэкарацыі, трымацца на сцэне, правільна і выразна выконваць сваю ролю. Лялечныя спектаклі тэатр паказвае ў дзіцячых садках, школах раёна, летніх аздараўляльных лагерах. У “Батлейку” прымаюцца дзеці з 6 да 16 гадоў. Заняткі праходзяць у аўторак, сераду, чацвер і пятніцу з 14.00 да 15.45.
ГУРТОК “ВЯЗАННЕ КРУЧКОМ” (кіраўнік В. І. Кавалёнак)
Наведваць гэты гурток могуць не толькі школьніцы-дзяўчаты, але і хлопцыі, і дарослыя. Усё, што спатрэбіцца купіць для работы, дык гэта кручок і рознакаляровыя ніткі. Першакласнікі тут робяць закладкі, сувеніры. А потым вяжуць цацкі і сурвэткі… Гурток працуе па серадах і пятніцах з 14.00 да 15.45.
ГУРТОК “ТКАЦТВА” (кіраўнік В. У. Лявонава)
Сюды запрашаюць дзяцей-чацвёрта-класнікаў і старэйшых. Навучыцца ткаць могуць прыходзіць і дарослыя. Самыя маленькія ўдзельнікі гуртка займаюцца ручным ткацтвам – робяць габелены, сурвэткі, паясы. Старэйшыя працуюць на ткацкіх станках, ткуць сапраўдныя ручнікі з беларускімі нацыянальнымі ўзорамі. Кіраўнік-майстар – адзін з нямногіх кіраўнікоў гуртка ў вобласці, які працуе па асабістаму вучэбнаму плану і з”яўляецца пераможцам абласнога свята ткацтва.
Гурток “Ткацтва” запрашае на заняткі па панядзелках і пятніцах з 14.00 да 15.45.
ГУРТОК “САЛОМАПЛЯЦЕННЕ” (кіраўнік Н. А. Сцержанкова)
Калі ваша дзіця ходзіць у другі клас ці старэйшыя класы, то яго прымуць у гурток “Саломапляценне”. Было б толькі жаданне. У гуртку можна навучыцца плесці цацкі, падвескі, кветкі, розныя арыгінальныя сувеніры, рабіць аплікацыі. Па жаданні гурток могуць наведваць і дарослыя. “Саломапляценне” працуе па чацвяргах і пятніцах з 14.00. да 15.45.
Гурткі і клубы Дома рамёстваў (г. п. Шуміліна, вул. 40 год Кастрычніка, д. 8) з нецярпеннем чакаюць папаўнення. Тэлефон для даведак 4-19-03 (дырэктар Дома рамёстваў В. В. Загвоздава).
Падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №80 ад 09.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *