Высокие стандарты, ценные активы. ООО «ВЕЖА» отметила 30-летие деятельности

Край шумілінскі Новости Экономика

Трыццаць агеньчыкаў запаліла зорка пад назвай «Вежа» ў мінулую пятніцу на сцэне Шумілінскага раённага цэнтра культуры

11 красавіка таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вежа» адзначыла свой 30-гадовы юбілей. Ва ўрачыста-сяброўскай абстаноўцы ў РЦК адбыўся святочны канцэрт для работнікаў арганізацыі, запрошаных гасцей і сяброў.

Першыя віншаванні сказала дырэктар прадпрыемства Святлана Мікалайчык. Словы падзякі за плённую працу, выхад на замежны ўзровень і тым самым папулярызацыю раёна дапоўніў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. З чаго ўсё пачыналася і якія цяжкасці прыйшлося пераадолець, успомніў першы дырэктар «Вежы» Віктар Гутараў, крэатыўнае развіццё сацыяльных сетак прадпрыемства адзначыла старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вольга Пусянкова.

Юбілейная дата – гэта заўсёды час падвядзення вынікаў пройдзенага шляху. Так і ў гэты дзень мадэратары свята намеснік дырэктара Таццяна Мончык і начальнік вытворчай лабараторыі Юрый Афанасьеў у сцэнарыі зрабілі акцэнт на дасягнутых поспехах кампаніі за апошні час. Зараз шумілінская «Вежа» – лідар на рынку фруктова-ягадных він у Рэспубліцы Беларусь. Кампанія, якая не збіраецца спыняцца на дасягнутым, 2024-ы год лічыць знакавым у сваёй ра боце. Павялічыліся аб’ёмы вытворчасці, з’явіліся новыя працоўныя месцы, на рынак былі выпушчаны новыя віды напояў: газіраваныя віны, безалкагольныя шыпучкі, шорлі і іншыя, якія не маюць аналагаў у краіне. Асаблівы гонар прадпрыемства – уласныя таварныя знакі, зарэгістраваныя ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь: «Вясёлы пан», «Фрусека», «Сонг сідр».

«Нашы самыя каштоўныя актывы – гэта людзі. Кожны работнік сваёй штодзённай працай дапамагае нам рухацца наперад. Мы ўпэўнены, што наша каманда і надалей будзе не толькі адпавядаць высокім стандартам, але і задаваць іх», – падкрэсліла Таццяна Мончык. Гэта не проста словы. Асноўная ўвага на свяце, сапраўды, дасталася ўсім супрацоўнікам прадпрыемства. За добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства і перапрацоўчай галіны Падзякай старшыні Шумілінскага райвыканкама былі ўзнагароджаны дырэктар Святлана Мікалайчык і начальнік вытворчай лабараторыі Юрый Афанасьеў.

Юрый Васільевіч з калегамі Сяргеем Капічам, Вікторыяй Галуза і Галінай Філіпавай, якія працуюць на «Вежы» з першага дня існавання, атрымалі ганаровыя граматы прадпрыемства і падарункавы сертыфікат за шматгадовую працу. З асаблівай павагай за шматгадовую працу граматы прадпрыемства і прафсаюзнай арганізацыі з грашовай удзячнасцю былі ўручаны работнікам, якія больш за 15 гадоў не змяняюць роднай кампаніі. Маладыя кадры атрымалі сертыфікаты даверу і грашовы падарунак. Кожны супрацоўнік у юбілейны вечар пайменна пачуў са сцэны словы падзякі за працу на карысць арганізацыі.

Прыемным сюрпрызам у гэты дзень сталі творчыя падарункі ад саміх работнікаў «Вежы». Паэтычны нумар прысвяціла 80-годдзю Вялікай Перамогі галоўны бухгалтар Святлана Усеваладава, у дуэце і сольна музычныя таленты прадэманстравала лагіст Паліна Лазар, «вішанькай на торце» стаў танцавальна-музычны падарунак ад намесніка дырэктара Таццяны Мончык і калектыва РЦК «Шарм». Менавіта на такой яркай ноце песні «lets’s go» і завяршылася ўрачыстая частка юбілею, а натхнёныя «вежаўцы» адправіліся з добрымі пажаданнямі да новых мэт.

Дар’я ЧАПУРНОВА,  няштатны карэспандэнт



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *