Раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод механізатараў раёна па ворыве і апрацоўцы глебы на званне “Лепшы араты-2025” прайшоў 23 красавіка ва ўрочышчы Ільінцы УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.
12 механізатараў паказвалі свае веды і майстэрства як у тэорыі, так і ў практычнай частцы – узаралі ладны ўчастак палеткаў. Нагадаем, што такі конкурс у раёне праводзіцца ў другі раз (стартаваў летась). Асаблівасць сёлетняга мерапрыемства ў тым, што ўдзельнічалі не толькі механізатары сельгаспрадпрыемстваў, але і трое прыватных гаспадароў.
«Дзякуй за арганізацыю свята і ўдзел у ім. Дзякуй за пазітыўныя эмоцыі, – адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык падчас віншаванняў пераможцаў. – Такім дружным механізатарскім калектывам мы здатныя на многае – можна павялічваць колькасць палеткаў у раёне».
Пераможцамі конкурсу сталі Валянцін Высоцкі з КУСГП “Ульскі” (МТЗ-3022) , Валерый Лісаў з СУП “Лаўжанскае” (МТЗ-1523) і Алег Медзікаў з аграгарадка Слабада (прыватны гаспадар). Яны атрымалі дыпломы і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Заахвочвальныя падарункі былі ўручаны ўсім удзельнікам .
Арганізатарамі конкурсу выступілі райкам прафсаюза работнікаў АПК, раённы цэнтр культуры, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Усе прысутныя частаваліся смачнай кашай і свежымі булачкамі, прыгатаванымі работнікамі сталовай СУП «Лаўжанскае». Пазітыўны настрой стваралі вясёлая музыка, танцы і шчырыя песні работнікаў раённага цэнтра культуры.














