Новые размеры БПМ, субсидий, налогов. Что принесёт белорусам февраль 2026

Главное Новости Общество Экономика

Новыя памеры БПМ,  субсідый і падаткаў Што прынясе беларусам люты

Новы памер БПМ. З 1 лютага ў Беларусі павышаюцца памеры бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) і будуць дзейнічаць да 30 красавіка. БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 496,96 рубля (на 1,2% вышэй у параўнанні з нарматывам, уведзеным з 1 лістапада 2025 г. па 31 студзеня 2026 г.). Памер БПМ для працаздольнага насельніцтва складае 534,91 руб., пенсіянераў — 360,75 руб., дзяцей да 3 гадоў — 308,10 руб., дзяцей ад 3 да 6 гадоў — 414,55 руб., а для дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 489,90 руб.

Вырастуць і «ўзроставыя» даплаты да пенсій. Для асоб ва ўзросце 75-79 гадоў яны складуць 93,18 руб., а пры наяўнасці інваліднасці I групы — 217,42 руб. Для асоб 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) – 186,36 руб., а пры наяўнасці інваліднасці I групы – 248,48 руб. Гэта першы пераразлік БПМ у 2026 годзе.

 

Вырастуць «дзіцячыя дапамогі». З 1 лютага вырастуць памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці пры нараджэнні першынца складзе 10 БПМ, або Br4969,6, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або Br6957,44.

Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 100% БПМ, або Br496, 96.

Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складзе 50% БПМ, або Br248,48. Акрамя таго, павялічылася штомесячная дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, прадугледжаных заканадаўствам. Так, на дзяцей старэй за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда), сума дапамогі складзе 50% БПМ, або Br248, 48. На дзіця-інваліда старэй за 3 гады — 70% БПМ, або Br347, 87.

Змяніўся і памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Пры наяўнасці I і II ступеняў страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з III і IV ступенямі страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў дапамога будзе складаць 100% БПМ, або Br496,96. З III і IV ступенямі страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў-120% БПМ, або Br596,35.

Памер штомесячнай дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, складзе 70% БПМ, або Br347,87.

 

Вырастуць плацяжы па ЖКГ. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №33, які рэгулюе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2026 год. У адпаведнасці з дакументам, устаноўлены гранічна дапушчальныя стаўкі на гэтыя паслугі. Згодна з новымі тарыфамі, расходы для сям’і з трох чалавек, якая пражывае ў двухпакаёвай кватэры плошчай 48 кв. м і выкарыстоўвае паслугі ў межах нарматыву, павялічацца на 0,5 базавай велічыні, што складае 22,5 руб.

Змены ў тарыфах будуць ажыццяўляцца ў два этапы. Са студзеня павысяцца цэны на ўсе паслугі, акрамя ацяплення і гарачага водазабеспячэння, на 19,37 руб. З чэрвеня чакаецца падаражанне цеплавой энергіі, якая выкарыстоўваецца для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, на 3,13 руб.

Таксама будзе прадоўжана праграма дзяржаўнай падтрымкі, якая прадугледжвае прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый. Яны будуць даступныя грамадзянам і сем’ям, калі сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага даходу ў гарадах і 15% у сельскай мясцовасці.

 

Павялічацца субсідыі для бізнесу. З 1 лютага вырастуць дзяржаўныя субсідыі на адкрыццё ўласнай справы, якія выдаюць беспрацоўным грамадзянам. Выплаты разлічваюцца, зыходзячы з бюджэту пражытачнага мінімуму. У новым памеры яны будуць дзейнічаць з 1 лютага да 30 красавіка 2026 года. Жыхары гарадоў могуць разлічваць на субсідыю для адкрыцця сваёй справы ў памеры 11 БПМ — 5466 руб. 56 кап. Пачаткоўцы-бізнесмены з малых гарадоў, раёнаў з высокай напружанасцю на рынку працы і сельскай мясцовасці атрымаюць 15 БПМ – 7454 руб. 40 кап. Беспрацоўным, якія плануюць адкрыць бізнес, заснаваны на ўкараненні вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, дзяржава гатова дапамагчы субсідыяй у памеры 20 БПМ – 9939 руб. 20 кап.

 

Павысяць стаўкі для ўладальнікаў аграсядзіб і рамеснікаў. Паводле змяненняў, унесеных у Падатковы кодэкс на 2026 год, 1 лютага ў сярэднім на 6% павысяцца некаторыя падатковыя стаўкі. Закране гэта, у прыватнасці, інтарэсы рамеснікаў. З наступнага месяца народным умельцам прыйдзецца выплачваць збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці па стаўцы 10 руб. замест ранейшых 7 руб. На 3 рублі падрасце і падатковая стаўка для тых, хто займаецца развіццём аграэкатурызму. У студзені яны плацілі 42 руб., з наступнага месяца падатковая нагрузка вырасце да 45 руб.

 

Вырасце падатак за здачу жылля. Рост у абноўленым Падатковым кодэксе закладзены невялікі — у межах 2-3 рублёў. Але падатковыя стаўкі вар’іруюцца з улікам населеных пунктаў. Да прыкладу, тым, хто здае нерухомасць у Мінску, замест 50 рублёў з 1 лютага прыйдзецца выплачваць 53 руб. за кожны пакой у кватэры ці жылым доме, а таксама за садовыя домікі і дачы. У Мінскім раёне і абласных цэнтрах стаўка падаходнага падатку складзе 49 руб., летась арэндадаўцы плацілі 46 руб. У буйных гарадах, у ліку якіх Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Ваўкавыск, Горкі, Дзяржынск, Жлобін, Жодзіна, Кобрын, Крычаў, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Навагрудак, Наваполацк, Орша, Асіповічы, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слонім, Слуцк, Смалявічы, Смаргонь, Салігорск, Фаніпаль, тым, хто здае нерухомасць у арэнду, неабходна плаціць 33 руб., што 2 руб. вышэй ранейшай таксы.

 

«Дазвол» пераходзіць у лічбу. З 11 лютага змяняецца парадак атрымання дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Указ №5 ад 9 студзеня 2026 года выключае дыягнастычныя станцыі з пераліку абавязковых месцаў выдачы такіх дакументаў. Цяпер аўтаўладальнікі могуць аформіць «дазвол» у электронным выглядзе праз партал «Е‑Паслуга». Папяровы варыянт становіцца неабавязковым: супрацоўнікі ДАІ не патрабуюць дакумент пры праверцы, паколькі яго наяўнасць пацвярджаецца па базах дадзеных. Таксама адмяняецца неабходнасць прадастаўляць пацвярджэнне аплаты працэдуры, аднак пры адсутнасці аплаты «дазвол» выдавацца не будзе. Аплаціць паслугу рэкамендуюць праз АРІП. Інфармацыю пра месцы, дзе ўсё яшчэ можна атрымаць папяровы дакумент, можна знайсці на сайце УП «Белтэхагляд».

 

Буйны банк развітваецца з мабільным дадаткам. «Белінвестбанк» абвясціў, што з 1 лютага цалкам спыняе падтрымку свайго мабільнага дадатка для смартфонаў з аперацыйнай сістэмай iOS. Кліентам, якія карыстаюцца паслугамі банка праз iPhone, рэкамендуюць перайсці на новы вэб-дадатак, даступны для ўстаноўкі праз браўзэр.

 

Аплата ў АРІП без камісіі. З 1 лютага ў АРІП змяняюцца правілы збірання ўзнагароджанняў за банкаўскія аперацыі. Навацыі накіраваны на спрашчэнне працэдур і адзіныя ўмовы для ўсіх плацельшчыкаў. Галоўнае змяненне тычыцца плацяжоў, якія грамадзяне здзяйсняюць праз АРІП для папаўнення банкаўскіх рахункаў, укладаў, а таксама для пагашэння крэдытаў і працэнтаў. Цяпер калі плацеж праводзіцца ўнутры аднаго банка, то ўзнагароджанне з банка‑атрымальніка спаганяцца не будзе, незалежна ад таго, у які банк пералічваюцца сродкі.

 

Плюс 409 рублёў на пахаванне. У лютым значна вырасце памер дапамогі на пахаванне. Яна прадастаўляецца сям’і памерлага на працягу шасці месяцаў з дня смерці, а калі чалавек доўгі час лічыўся ў вышуку – не пазней за шэсць месяцаў пасля пахавання. Памер выплаты з’яўляецца фіксаваным і залежыць ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Дапамога штомесяц пераглядаецца і адпавядае сярэднестатыстычнай зарплаце па краіне за пазамінулы месяц адносна даты смерці. У лютым сума дапамогі павялічыцца на 409 рублёў у параўнанні са студзенем. Гэта звязана з ростам сярэдняй зарплаты за снежань, якая ў пачатку зімы склала 3112 руб.70 кап. Менавіта такой будзе выплата на пахаванне ў лютым.

 

Прамыя рэйсы з Тэль-Авіва. Ізраільская авіякампанія Arkia анансавала запуск новага маршруту. Другі па велічыні ў гэтай краіне авіяперавозчык раней лётаў у Азербайджан, Грузію, Грэцыю, Малдову, Сербію, ААЭ і на Кіпр. Цяпер у палётнай карце міжнароднага ўзроўню з’явіўся новы напрамак — Беларусь. Стартуе палётная праграма ў Мінск 1 лютага. Палёты запланаваны двойчы на тыдзень.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *