Ад добраўпарадкавання да медыцыны

Як вяскоўцы разам з уладай вырашаюць надзённыя пытанні
Актыўна сустракалі на мінулым тыдні ў вёсках Мішневіцкага сельсавета рабочую групу на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Русланам Матвейчуком у дзень работы з насельніцтвам. На сустрэчы прыходзілі, каб пачуць навіны раённага жыцця, задаць хвалюючыя пытанні кіраўнікам служб і атрымаць адказы ад кампэтэнтных асоб.
У аграгарадку Мішневічы зала пасяджэнняў сельвыканкама была поўная. Кіраўнік сельсавета Галіна Зязюлька нагадала пра час наводзіць парадак на падворках, пра забарону вырошчваць мак (такія факты выяўляліся ў мінулым годзе) і адказнасць за гэта, пра небяспеку выпальвання сухой травы (у сельсавеце ўжо ёсць пацярпелыя ад гэтых дзеянняў). Цікавасць у вяскоўцаў выклікала пытанне пра неабходнасць легалізаваць узведзеныя пабудовы да 1 студзеня 2028 года. Для таго, каб атрымаць поўную інфармацыю аб парадку рэгістрацыі, вырашылі правесці да канца красавіка сход з запрашэннем адпаведных спецыялістаў.
У жыхароў аграгарадка было шмат пытанняў жыллёва-камунальнай сферы, на іх адказваў дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў. Хвалюе мішнеўцаў якасць пітной вады, нягледзячы на наяўнасць станцыі абезжалезвання. Прасілі яны паправіць пад’езды да могілак, спілаваць аварыйныя дрэвы. Былі пытанні па рамонце дарог і вуліц. Начальнік ДРБУ № 204 Уладзімір Раманаў расказаў, дзе будзе праведзена падсыпка, а на якіх вуліцах і дарогах з’явіцца асфальт. Дарэчы, кіраўнікі дарожнай і камунальнай службаў пасля кожнай сустрэчы на месцы аглядалі праблемныя аб’екты, каб вызначыць аб’ёмы работ для іх вырашэння.

У аграгарадку і некаторых вёсках паўстанавіць вулічны ліхтар на аўтобусным ступілі пытанні па медыцынскім абслугоўванні ў сувязі з закрыццём амбулаторыі, па рабоце паліклінікі ЦРБ, бо вяскоўцы «прывязаны» да графіку руху аўтобуса і не заўжды паспяваюць на некаторыя працэдуры.

Зацікавіла прысутных выступленне дырэктара КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва Андрэя Мацюшчанкі, які расказаў, што прадпрыемства аднаўляе сваю актыўнасць і прапануе шырокае кола паслуг: ад чысткі падушак і паслуг цырульніка да рытуальных паслуг і рэалізацыі збожжа ці арганікі. У старшыні сельвыканкама ён пакінуў лістоўкі з пералікам паслуг і тэлефонамі службы быту.

Група райвыканкама правяла сустрэчы ў дзесяці вёсках сельсавета. На кожным сходзе Галіна Зязюлька перадавала старэйшынам вёсак лістоўкі з неабходнай інфармацыяй: змяненнямі ў раскладзе руху аўтобуса Мішневічы-Віцебск, правіламі добраўпарадкавання. Начальнік РАНС Дзмітрый Гушчын нагадваў пра пажарную бяспеку, таксама раздаваў вяскоўцам прафілактычныя буклеты і лістоўкі. Пра прафілактыку кіберзлачынстваў гаварыў участковы інспектар міліцыі Аляксандр Жураў.

У Глушыцы сустрэча пачалася з падзякі паштальёну Ганне Сяргеевай і вадзіцелю паштовай машыны Ігару Гукаву, якія якасна абслугоўваюць і задавальняюць усе заказы вяскоўцаў. Таксама прасілі падзякаваць службе хуткай медыцынскай дапамогі, прадстаўнікі якой дзейнічаюць заўжды аператыўна.

У Жданоўцы ўзнялі пытанне забеспячэння дрывамі; у Заобалі прасілі прыпынку і павесіць расклад руху аўтобуса; у Панамарах паскардзіліся на праблемы з мабільнай сувяззю, з-за чаго не заўжды магчыма аплаціць пакупкі ў аўтамагазіне ці паштовай машыне; у Андрэеўцы паскардзіліся на сувязістаў, якія пракладваюць новыя кабелі, але парвалі стары, і тэлефон не працуе.

У Красамаі сустрэлі аўталаўку, і кіраўнік райсавета Руслан Матвейчук правёў маніторынг перадсвяточнага асартыменту: на вітрыне быў дастатковы выбар каўбас, паўфабрыкатаў, фруктаў і гародніны, прапаноўваліся кандытарскія вырабы, у тым ліку і велікодныя кулічы. Хвалілі аўтамагазін і вяскоўцы.

Па многіх пытаннях тлумачэнні даваліся на месцы, іншыя браліся на кантроль і будуць накіраваны ў адпаведныя службы для вывучэння і вырашэння.
– Прыемна адзначыць, што шмат работы, асабліва па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, памятных месцаў, грамадзянскіх могілак выконваюць мясцовыя жыхары. Так, ёсць праблемныя пытанні, але ўсе яны вырашальныя. Людзі з разуменнем ставяцца да таго, што не ўсё вырашаецца імгненна, часам трэба і пачакаць. Мы ўбачылі, што нават у маланаселеных вёсках ідзе мадэрнізацыя ліній сувязі, праводзіцца рамонт і грэйдзіраванне дарог, убіраецца смецце, вядзецца іншая работа па арганізацыі жыццядзейнасці людзей, – адзначыў, падсумоўваючы вынікі аб’езду, кіраўнік групы Руслан Матвейчук.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.


