ПДУ – у строй, статкі – на выган
Да летне-пашавага сезона застаюцца лічаныя дні, таму ў сельгаспрадпрыемствах раёна актыўна рыхтуюць перасоўныя даільныя ўстаноўкі (ПДУ).
На днях мы пабывалі на ферме Спаскае, дзе рамонтам ПДУ займаліся зваршчыкі і рабочыя паляводчай брыгады. Тут сустрэлі і дырэктара СУП «Лаўжанскае» Яўгена Дзятлоўскага, які прыехаў пракантраляваць працэс. «На кругласутачны летне-пашавы сезон выганім тры статкі – з ферм Спаскае, Латкова і Рашэтнікі, – расказаў Яўген Сяргеевіч. – Рамонт перасоўных даільных ўстановак на стадыі завяршэння. Сёння вось правядзём зварачныя работы, перакрыем дах». Усім гэтым займаліся зваршчык Яўген Копцеў і яго памочнік студэнт-практыкант Ульскага каледжа Кірыл Ціханенка. Яны даводзілі да ладу палазы, стойкі, ручкі, дзверцы. А рабочыя Яўген Корбан і Леанід Жыгала перакрывалі дах руберойдам. Пасля застанецца толькі пафарбаваць.
Па словах спецыялістаў райсельгасхарчу, усяго падчас летне-пашавага сезона будзе задзейнічана 16 перасоўных даільных установак, 12 з іх ужо гатова. Таксама рыхтуюцца бочкі для падвозу вады, электраагароджы, карыты для паення жывёлы. Поўнасцю гатовы да выгану жывёлы на пашу ў ААТ «Ляжні». А вось ААТ «АграБаравінка», дзе не спяшаюцца з рамонтам ПДУ, падверглася крытыцы з боку спецыялістаў райсельгасхарчу.
Ларыса КІСЯЛЁВА.


