ОКЗ: новыя гарызонты супрацоўніцтва
ААТ «Обальскі керамічны завод» прыняў удзел у прэстыжнай выставе «Будуем дом», якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу.
Гэта адна з найбуйнейшых галіновых пляцовак, дзе будаўнічыя кампаніі, вытворцы матэрыялаў і архітэктары прадстаўляюць свае распрацоўкі і заключаюць доўгатэрміновыя дзелавыя кантакты. Обальскі керамічны падышоў да ўдзелу ў выставе грунтоўна, дэлегацыю ўзначаліў дырэктар Сяргей Ляўшоў, яго суправаджалі намеснік дырэктара па развіцці Аксана Скамарохава і начальнік аддзела эканамічнага аналізу і продажаў Наталля Пліско.
На стэндах завода былі прадстаўлены ўзоры керамічнай цэглы, а таксама новыя віды прадукцыі. Папярэднія перагаворы з прадстаўнікамі расійскіх дыстрыб’ютарскіх і будаўнічых кампаній сведчаць пра іх зацікаўленасць у обальскай прадукцыі. Эксперты адзначаюць, што попыт трымаецца на аптымальным спалучэнні кошту і якасці.
Намеснік дырэктара па развіцці Аксана Скамарохава падкрэсліла, што выстава «Будуем дом» дае ўнікальную магчымасць не проста заявіць пра сабе, але і зразумець актуальныя трэнды рынку. «Мы бачым, што расійскія забудоўшчыкі ўсё больш цікавяцца энергаэфектыўнай прадукцыяй, нестандартнымі фактурамі для фасадаў. І наш завод гатовы прапанаваць такія рашэнні», – адзначыла Аксана.
Начальнік аддзела эканамічнага аналізу і продажаў Наталля Пліско дадала, што падчас выставы прадпрыемства не толькі прадстаўляе існуючы асартымент, але і збірае пажаданні партнёраў па новых відах, колерах і тэкстурах. «Гнуткасць у дыялогу з кліентам – ключ да пашырэння нашай геаграфіі продажаў», – падкрэсліла яна.
ОКЗ працягвае нарошчваць сваю прысутнасць на расійскім рынку. Па словах членаў дэлегацыі, па выніках форуму чакаецца падпісанне некалькіх новых кантрактаў, якія дазволяць пашырыць геаграфію дзелавых сувязяў і ўмацаваць пазіцыі завода на перспектыву.
Каментарый дырэктара ОКЗ Сяргея ЛЯЎШОВА, які асабіста правёў некалькі стратэгічных сустрэч з кіраўніцтвам буйных будаўнічых холдынгаў:
– Удзел у выставе «Будуем дом» для нас не проста іміджавы крок. Гэта сістэмная работа па ўмацаванні пазіцый на расійскім рынку. Наша прадпрыемства пастаўляе прадукцыю ў розныя рэгіёны Расіі ўжо не першы год, але Санкт-Пецярбург і Паўночна-Заходняя федэральная акруга былі для нас стратэгічным напрамкам. Мы бачым, што мясцовыя забудоўшчыкі адкрытыя да доўгатэрміновага супрацоўніцтва, цэняць надзейнасць і стабільную якасць. У бліжэйшых планах не толькі павялічыць аб’ёмы паставак, але і пашырыць асартымент з улікам канкрэтных запытаў партнёраў. Ужо ёсць некалькі дамоўленасцей.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

