За кражу топлива — арест, за покупку — штраф

Закон Происшествия

За крадзеж паліва – арышт, за набыццё – штраф

Масавыя палявыя работы толькі пачаліся, а супрацоўнікі РАУС ужо зафіксавалі два выпадкі крадзяжу паліва.

Так, па месцы жыхарства вяскоўца з аг. Башні было знойдзена 100 літраў саляркі, а выдаў зялёны колер паліва. На аўтадарозе каля вёскі Любічы быў прыпынены механізатар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, які ў каўшы «Амкадора» перавозіў крадзеную салярку. Участковы інспектар РАУС западозрыў, што неяк ненатуральна высока падчас руху быў падняты коўш. Прыпыніў тэхніку, а там у здробненай кукурузе 20-літровая каністра з незаконным палівам. Ні на адной аўтазаправачнай станцыі фарбаванае паліва не прадаецца.

У абодвух выпадках былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за дробны крадзеж. Ліхадзеям пагражае штраф да 30 БВ або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Такое паліва нельга купляць. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюцца не толькі тыя, хто крадзе паліва, але і тыя, хто яго набывае. Сёлета супрацоўнікі РАУС зафіксавалі таксама два такія выпадкі. «Фарбаваныя салярку ці бензін увогуле забараняецца захоўваць. Нават калі вы знайшлі каністру ў канаве, павінны паведаміць пра гэта ў РАУС, – нагадвае намеснік начальніка РАУС Павел Трафімаў. – Не глядзіце, што “паліва з рук” каштуе менш, не рызыкуйце. Калі яго прапануюць – не бярыце, адмоўцеся, бо будуць праблемы з праваахоўнымі органамі. Калі фарбаванае паліва знойдзена ў баку вашага асабістага аўтамабіля, таксама будзеце прыцягнуты да адказнасці. За набыццё, захоўванне і выкарыстанне фарбаванага паліва пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь».

Ларыса КІСЯЛЁВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *