Вясна і лета – актыўны час для веласіпедыстаў. І далёка не ўсе думаюць пра бяспеку. Напрыклад, нядаўна жыхар Обалі пакінуў свой веласіпед непрышпіленым каля пад’езда. Праз некаторы час яго не стала. Махляра знайшлі, але супрацоўнікі РАУС занепакоены бяспечнасцю людзей, таму праводзяць прафілактычныя гутаркі на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Як абараніць свой веласіпед ад злодзеяў, нагадвае ўчастковы інспектар РАУС Фёдар ПАСТАЯЛКІН:
– Самы просты і эфектыўны спосаб абараніць сваю маёмасць – ніколі яе не пакідаць без нагляду. Гэта тычыцца і веласіпедаў – іх трэба ставіць у гаспадарчую пабудову, гараж, падвал, а калі кудысьці прыехалі, то прышпільваць. Велазамок трэба выбіраць надзейны. Найбольш эфектыўны ўяўляе трос са стальнога прута, заключаны ў сіліконавую абалонку, – ён мае невялікую вагу і кампактныя габарыты.
Не рэкамендуецца пакідаць веласіпеды на лесвічных пляцоўках і ў тамбурах – як паказвае практыка, злодзеі дабіраюцца і туды. Дзеля бяспекі рэкамендуецца мець фота веласіпеда, дакументы на яго ці хаця б серыйны нумар мадэлі. Гэтыя нюансы ў выпадку крадзяжу дазволяць міліцыянерам хутчэй знайсці веласіпед, а грамадзяніну даказаць, што транспарт належыць яму.
Людміла ЗУЙКОВА.

