Кожны кіламетр – новыя адкрыцці, прыгажосць і драйв
Непаўторная прырода, гаючае паветра, неабдымныя балоты і сцежкі здароўя – гэта вялікія прасторы заказніка «Казьянскі».
Напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя і Дня эколага тут прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Дырэктар заказніка Павел Мартыненка падрыхтаваў для вучняў Мішневіцкай школы і іх настаўнікаў, работнікаў турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна і карэспандэнта раённай газеты незабыўны турыстычны тур на возера Расалай і Обальскае балота.
Наша каманда з дваццаці чалавек рознаўзроставая
З Мішневіцкай школы пажадалі прыняць удзел у экскурсіі па лясных і балотных сцежках адзінаццаць вучняў 2-8 класаў. Ад Мішневіч да дарогі на возера Расалай 26 км пераадольваем на транспарце. Далей – пешшу, бо ніводнае аўто тут не праедзе. Наш гід Павел Мартыненка аглядае амуніцыю ўсіх. Галоўнае – гумавыя боты. Сам абувае доўгія рыбацкія, і мы адпраўляемся ў шлях.
– Гэта ручай, – кажа Павел Уладзіміравіч. – А стаў ён такім шырокім і глыбокім таму, што бабры тут справа і злева пабудавалі плаціны. Паглядзіце, яны бачныя здалёк. А вунь хваля на вадзе ўзнялася, гэта паплыў бабёр. Але ён нам не пакажацца – захоўвае меры бяспекі. Увогуле бабры самыя буйныя грызуны, іх рацыён складаецца з травы, каранёў, водарасцяў, кустоўя і дрэў.
Неўзабаве ўвага ад баброў была перакінута на тое, як перайсці перашкоду па вузкім і слізкім бервяне. Хоць ва ўсіх у руках былі драўляныя вешкі, але мы адчувалі сябе няўпэўнена. Таму дапамога нашага экскурсавода была неацэннай – кожнаму падаваў руку, тлумачыў, як перастаўляць ногі і куды крочыць пасля кладкі.
Мядзведзя не сустрэлі, але пабачылі яго сляды
Ура! Мы на сушы – цяпер можна выдыхнуць і расслабіцца. Але наперадзе яшчэ два кіламетры да возера Расалай. Гэты шлях быў экскурсійна-пазнавальным. Мы пабачылі сосны і асіны, якім па дзвесце-трыста гадоў, удыхалі водар багуну і гаючага сасновага паветра, даведаліся, чаму елкі і сосны перыядычна скідваюць іголкі. Асабліва цікаўныя расхілялі вецце чарнічніку, упэўніліся – ягады сёлета будуць. Калі дайшлі да разбуранага мурашніку, дзеці пацікавіліся: «А чаму гэта такая вялікая ямка? Хто яе выкапаў?». «Пагаспадарыў мядзведзь, – зазначыў Павел Уладзіміравіч. – Прычым, нядаўна, я ж тут быў пяць дзён таму. Калі прыгледзецца, то і сляды звера бачныя. Мядзведзі любяць мурашыную кіслату, вось і не супраць паляжаць у мурашніку. Але нам нічога не пагражае – мядзведзі самі баяцца людзей».
На турыстычным прывале мы ўбачылі дровы, акуратна складзеныя гаспадарскай рукой. Захочуць турысты касцёр распаліць, дык не трэба бегаць па лесе ў пошуках сухастою.
Чаму ў Расалаі купацца нельга, а яшчарка хвост адкідвае?
Нарэшце аказалася возера Расалай – яго даўжыня каля 1,6 км, найбольшая шырыня 0,58 км, а максімальная глыбіня 3,5 м. У вадзе, якая паблісквае пад прамянямі сонца, бачныя воблакі. Вадаём даўно аблюбаваны рыбакамі: тут водзяцца карасі, шчупакі, акуні, ліні і іншая рыба. Але выкарыстоўваць плавальныя сродкі з маторамі тут забаронена. І купацца нельга, бо дно з сапрапелем – завязнеш і не вылезеш.
Удалечыні мы пабачылі лебедзяў – яны плылі паволі і адчувалі сябе сапраўднымі гаспадарамі. Збоку на супрацьлеглым беразе была вялікая бабровая хатка. Каб яе разгледзець, спатрэбіліся біноклі.
Налюбаваўшыся прыгажосцю, зрабіўшы агульнае фота і сэлфі, мы адправіліся ў зваротны шлях. Па дарозе сустрэлі яшчарку-вераценіцу, якая адкінула хвост у прамым сэнсе гэтага слова. Такім чынам яшчарка ратуецца ад небяспекі, напрыклад, птушак – аддае ім на здабычу хвост, а сама хутка адпаўзае. Ну, а хвост адрастае зноў.
Праходзячы побач з вёскай Расалай пацікавіліся, колькі тут жыве людзей. Аказалася, толькі адзін дачнік.
След у след – па балоце
Наступнае выпрабаванне на нашым шляху – Обальскае балота, узрост якога 9 тысяч гадоў. Да яго зручна падыходзіць ад вёскі Вішня. Павел Мартыненка папярэдзіў, што мясцовы ўладар Балотнік не любіць шуму, таму паводзіць сябе трэба ціха. Паглядзелі на балотныя прасторы з дзесяцімятровай аглядавай вышкі, якая была устаноўлена на краю балота ў мінулым годзе.
Далей ідзём па балоце след у след, інакш можна праваліцца – тут многа гразкіх месцаў. У руках – драўляныя вешкі, імі можна памераць глыбіню. Увогуле ступаць лепш на ўзгоркі, а вось дзе расце асака, там можна і вады ў боты набраць. На балоце дыхаецца лёгка. І гэта нібы кампенсацыя пасля выпрабавання па балотнай дарозе. Мы пабачылі, як цвітуць журавіны. Мяркуючы па ўсыпаных ружовымі кветачкамі купінах, ягад сёлета будзе мора.
Уперадзе – белая, нібы снег выпаў у чэрвені, паляна. Так цвіце пушыца. Расліны калышуцца ад ветру, і “сняжынкі” ляцяць па балоце. Дзесьці ўдалечыні спявалі птушкі. Іх тут многа – больш за сорак відаў.
На зваротным шляху дзяцей чакаў сюрпрыз. Балотнік пакінуў ім на краю лесу пачастунак – пакет з абрыкосамі. А на паляне чакаў накрыты стол з кампотамі, бутэрбродамі, сасіскамі, смажанымі на кастры (смакату прыгатавала жонка Паўла Мартыненкі Алена Мікалаеўна). Падчас пачастунка павіншавалі Мішу Трутнева, які свой 10-гадовы дзень нараджэння адзначыў паходам у заказнік «Казьянскі».
«Мы вельмі ўдзячны за экскурсію па лясах і балотах, – ад імя ўсёй кампаніі звярнулася да Паўла Мартыненкі настаўніца Мішневіцкай школы Аксана Сталярова. – Мы ўбачылі прыродныя лабараторыі, дзе нараджаюцца рэкі, даведаліся многа цікавага пра флору і фаўну, атрымалі зарад бадзёрасці».
Работнікі турыстычнага інфармацыйнага цэнтра зрабілі многа фота для сваіх прэзентацый і пераканаліся, што падобныя экскурсіі пасільныя і цікавыя і дзецям.
Ларыса ЗАЙЦАВА.











