Залатое святло кахання асвячае жыццёвы шлях сям’і ДЗМІТРЫЕВЫХ з Дабеі. 24 ліпеня Галіна Уладзіміраўна і Леанід Аляксандравіч адзначылі паўвекавы юбілей сумеснага жыцця.
У Дабейскім сельвыканкаме прайшла ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу, якую правяла кіраўнік спраў Наталля Карапузава.
«Пяцьдзесят гадоў разам, рука аб руку, дзелячы напалову і радасці, і трывогі, – адзначыла Наталля Пятроўна, віншуючы юбіляраў сямейнага жыцця. – Гэта не проста прыгожая лічба, гэта сапраўдны жыццёвы подзвіг, у аснове якога ляжаць вернасць, мудрасць і каханне».
Дзмітрыевым, якія ў дзень свайго залатога вяселля танцавалі вальс, уручылі пасведчанне аб 50-гадовым шлюбе. З юбілеем Галіну Уладзіміраўну і Леаніда Аляксандравіча павіншавалі родныя, суседзі і сябры.
Пасля ўрачыстасцей Дзмітрыевы расказалі, што гісторыя іх кахання пачалася на адкрытай танцавальнай пляцоўцы ў Шуміліне ў маі 1976 года. На той час Галіна закончыла курсы аператара па паслугах сувязі і працавала ў паштовым аддзяленні на Брыкеце. Звярнула ўвагу на статнага высокага хлопца, які сціпла стаяў збоку танцпляцоўкі: бачна было, што саромеецца танцаваць. Бойкая Галіна запрасіла на белы танец. Потым былі нясмелыя размовы пры святле месяца і прагулкі дахаты, якія прынеслі моцнае пачуццё.
«Вось з тых часоў і “танцуем” разам па жыцці, – усміхаецца Галіна Уладзіміраўна. – Падчас знаёмства нам абодвум было па 21 году. Леанід вярнуўся з тэрміновай ваеннай службы, а яго бацькі (жылі раней у Грышанах) паехалі жыць і працаваць у Баку, да сваякоў. Я расказала пра хлопца сваёй маці, а тая адказала: «Калі што, толькі не ў Баку!». 24 ліпеня мы згулялі вяселле на Брыкеце. У калгасе імя Леніна на той час была адзіная «Волга» – яе нам, маладажонам, і выдзелілі. А госці пайшлі на Брыкет пяшком. Распісала нас у загсе Тамара Пятроўна Мончык. З яе лёгкай рукі спраўляем вось ужо і залатое вяселле».
Спачатку маладажоны жылі ў Шуміліне з бацькамі Галіны, Леанід уладкаваўся вадзіцелем у аддзел па адукацыі. А калі Галіну накіравалі працаваць у паштовае аддзяленне сувязі ў Дабею, сям’я вырашыла перабрацца ў вёску. Купілі там дом, дзе і зараз жывуць. Галіна Уладзіміраўна адпрацавала загадчыцай аддзялення ў Дабеі каля сарака гадоў. Заўсёды была ў цэнтры падзей, ледзь не кожнаму мясцоваму жыхару выпісвала раённую газету. Не развіталася з ёй і сёння.
Леанід Аляксандравіч выбраў паважаны хлебаробскі шлях – працаваў механізатарам на магутным «Кіраўцы». Рупіўся з плугамі вясной і восенню, рыхтаваў глебу да сяўбы розных культур. Дома сям’я трымала немалую гаспадарку – карову, свіней, цяля, трусоў, стараліся для дзвюх дачок.
«Нашы бабуля і дзядуля – лепшыя ў свеце, – расказала ўнучка Анастасія, студэнтка каледжа. – Яны навучылі мяне быць працавітай і добрай, паважліва адносіцца да людзей, заўсёды прыходзіць на дапамогу сваім родным і сябрам. Я шчаслівая, што яны ў мяне такія цудоўныя».
Ларыса ЗАЙЦАВА.



