Дмитрий Касьянов из СУП «Ловжанское » перевёз тысячу тонн зерна

Главное Сельское хозяйство

Першая  тысяча  тон  Дзмітрыя  Касьянава

Жніво-2026 працягвае адкрываць новыя імёны герояў хлебнай нівы раёна: механізатар  СУП «Лаўжанскае» Дзмітрый КАСЬЯНАЎ на трактары МТЗ-3522 упершыню ў жыцці перавёз тысячу тон збожжа і стаў сёлета другім тысячнікам у раёне па перавозцы.

Павіншаваць лідара прыехала раённая дэлегацыя – гул камбайнаў змяніўся на гучныя апладысменты і словы падзякі. Старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч шчыра падзякаваў механізатару за працу, паціснуў мазолістую руку і адзначыў, што менавіта на такіх адказных людзях трымаецца харчовая бяспека раёна і краіны. Да цёплых слоў далучыўся дырэктар гаспадаркі Мікалай Балігатаў. В. а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Афанасьеў прывёз герою жніва падарунак і грашовы сертыфікат, пажадаў не спыняцца на дасягнутым.

Працоўная перамога Дзмітрыя Касьянава – вынік напружанай працы і сапраўднай адданасці справе. Тэмп, які ўзяў механізатар, уражвае нават вопытных калег: за адзін працоўны дзень Дзмітрый перавозіў з палёў на зерняток больш за 100 тон збожжа. «Я хацеў стаць тысячнікам і імкнуўся да гэтага, – шчыра прызнаўся механізатар. – Сёлетні жнівень мне запомніцца назаўсёды: настрой выдатны, задаволены поспехам. Многа гадоў працую на перавозцы зялёнай масы з палеткаў, а на жніве ўсяго другі сезон. Летась не дацягнуў да тысячы, а сёлета даў сабе слова, што паб’ю рэкорд. І мая мара збылася». Вельмі хвалявалася і перажывала за бацьку 16-гадовая дачка Ганна, кожны дзень лічыла тоны і рэйсы.

Першая ў жыцці тысяча тон – гэта сур’ёзны і вельмі важны старт. Працоўная перамога Дзмітрыя Касьянава даказала, што спалучэнне магутнасці айчыннай тэхнікі, прафесіяналізму і шчырай падтрымкі родных абавязкова прыводзяць да высокіх вынікаў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *