Вместо джекпота житель Шумилинского района получит тюремный срок

Главное Закон Новости Общество Происшествия


Дзве гадзіны азарту роўныя тром гадам няволі
Калі Мікіта (імёны зменены па этычных меркаваннях) уладкоўваўся грузчыкам у магазін ў адным з населеных пунктаў раёна, яго хвалілі за руплівасць. «Ціхі, спраўны хлопец», – гаварылі пра яго калегі. І ніхто не ведаў, што ў яго лічбавы чорт у смартфоне. Залежнасць ад анлайн-казіно, якая пачалася з фартуны пяць гадоў таму, нанесла яму цяжкі ўдар.


Аднойчы раніцай Мікіта зрабіў тое, што перакрэсліла яго біяграфію «ўзорнага работніка» назаўсёды. Ключ Фпавярнуўся ў замку сейфа крамы – і 10 тысяч рублёў апынуліся ў яго руках. Здавалася, што гэта яго «джэкпот». Але гэта казіно і яно не церпіць фартуны і ўдачы, яно проста забірае грошы.

Следчаму раённага аддзела Следчага камітэта Людміле Данілавай Мікіта прызнаўся з дзіцячай шчырасцю: «Прайграў усё да капейкі». І не проста прайграў, а зрабіў гэта з неймавернай хуткасцю. Дзве гадзіны – столькі спатрэбілася віртуальным картам, каб «з’есці» чужыя грошы.

Пяць гадоў таму ён выйграў суму, якой хапіла на дарагі тэлефон. Але тады Мікіта не зразумеў галоўнага: казіно дае перакусіць толькі для таго, каб потым праглынуць цалкам. Астатні выйгрыш тады таксама «згарэў» у лічбавым агні.

Падчас следства хлопец знайшоў магчымасць вярнуць украдзеныя 10 тысяч рублёў. Відаць, хацеў выратаваць сваю будучыню так, быццам спрабаваў адкруціць стаўку назад. Але юрыдычная рэальнасць аказалася больш жорсткай за рулетку: вяртанне грошай – гэта не індульгенцыя. І замест таго, каб «зрываць куш у казіно», на Мікіту заведзена крымінальная справа і пагражае рэальны турэмны тэрмін.

Гэтая гісторыя – не пра грашовую шкоду, а пра тое, як лёгка прадаць свабоду за хімерны блік пераможнага экрана.

Вось што дадала па гэтай справе следчы райаддзела Людміла Данілава:

– Такія гісторыі, на жаль, не адзінкавыя. Мікіта – не злачынец у класічным сэнсе. Ён не планаваў крадзеж тыднямі, не хаваўся, не змяняў голас. Ён проста ўзяў грошы, бо ў галаве сядзела іншая логіка: «зараз пастаўлю, выйграю і вярну». Але анлайн-казіно не працуе па такой схеме. Яно забірае хутчэй, чым ты паспяваеш пра гэта падумаць. Дзве гадзіны – і чалавек застаецца ні з чым: без грошай, без перспектыў, з крымінальнай справай на руках. Ён вярнуў суму, мы гэта фіксуем, але юрыдычна крадзеж адбыўся. Таму крымінальная справа не можа быць закрыта. Суд будзе вырашаць. Максімальны тэрмін, які яму пагражае – тры гады. Мы не застрашваем, мы проста тлумачым, што адказнасць не адмяняецца, нават калі ты раскаяўся і кампенсаваў шкоду.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *