Гарадскі пасёлак Шуміліна сёлета стаў адным з 17 гарадоў, які прымае грамадска-палітычны рэспубліканскі марафон «17 граняў адзінства», прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Арганізатарам марафону выступае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Мерапрыемствы стартавалі ў пятніцу, 4 верасня, з дыялогавай пляцоўкі «Адзінства жыве ў нас», якая аб’яднала прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь. Галоўнай лакацыяй стаў раённы цэнтр культуры. Мадэратары і госці сустрэчы сышліся ў меркаванні, што адзінства – гэта не проста палітычны лозунг, а ўнутраны стан кожнага з нас.
У якасці спікераў выступілі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў старшыня абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Дзмітрый Дзямідаў, старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук і настаяцель Свята-Успенскага храма Вадзім Яско. Мадэратарам сустрэчы стала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Кожны гаварыў пра сваю грань гэтага паняцця: прадстаўнікі ўлады акцэнтавалі ўвагу на сацыяльнай і эканамічнай кансалідацыі, агульных мэтах развіцця рэгіёна і важнасці дыялогу паміж пакаленнямі. І ўсе пераканаліся ў тым, наколькі паняцце адзінства шматграннае. «Адзінства — гэта не пачуццё, гэта залог выжывання нашага народа, і толькі ад адзінства беларусаў залежыць, ці будзем мы жыць як суверэнная дзяржава», – выказаў сваю думку Дзмітрый Дзямідаў. Настаяцель храма, у сваю чаргу, нагадаў пра духоўныя карані адзінства, пра тое, як вера і любоў да бліжняга спакон веку дапамагалі беларускаму народу пераадольваць нягоды. У якасці яскравага прыкладу гістарычнага моманту, калі адзінства выратавала і прывяло да перамогі, айцец Вадзім назваў Вялікую Айчынную вайну. «Народнае адзінства правяраецца, калі з’яўляецца небяспека, пагроза страціць Айчыну – спадчыну продкаў», – заўважыў ён.
«Адзінства не навязваецца зверху – яно нараджаецца ўнутры, у сям’і, у працоўным калектыве, у агульным імкненні зрабіць сваю зямлю, сваю малую радзіму лепшай», – адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. Менталітэт, таварыскасць, павага, прыязнасць – гэтыя якасці з’яўляюцца характэрнымі для беларусаў, яны дапамагалі і дапамагаюць пераадольваць усе нягоды, дапоўніў Руслан Матвейчук.
Асаблівую цікавасць у аўдыторыі выклікала пытанне з залы аб тым, з якім сімвалам у спікераў асацыіруецца народнае адзінства. Адказы аказаліся глыбокімі і шматграннымі. Так, напрыклад, старшыня абласнога Савета дэпутатаў абраў дуб: «гэта моц, сувязь зямлі і неба, будучыні і сучаснасці. Як карані сілкуюць крону, так і нашы традыцыі і адзінства сілкуюць нашы памкненні». Айцец Вадзім Яско назваў сімвалам піраміду, накіраваную ўвысь: «кожная цаглінка ў ёй – гэта мы з вамі. Але самае важнае — гэта той падмурак, які мы закладзём сёння. Калі ён будзе моцным, піраміда вытрымае любыя вятры»…
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі гістарычныя ўрокі мінулага і сучасныя выклікі, прыйшоўшы да высновы, што менавіта агульная адказнасць за лёс краіны з’яўляецца той сілай, якая робіць нас па-сапраўднаму адзіным народам.
Дыялог атрымаўся грунтоўным і глыбокім, пацвердзіўшы, што адзінства сапраўды жыве ў сэрцах людзей.
Яркім завяршэннем дыялогавай пляцоўкі стала ўручэнне білетаў новым членам грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Раённая арганізацыя папоўнілася актыўнымі грамадзянамі, гатовымі аб’ядноўваць грамадства, рабіць добрыя справы на карысць раёна і краіны ў цэлым.
Рэспубліканскі грамадска-палітычны марафон «17 граняў адзінства» стартаваў у краіне чатыры гады таму і ахапіў больш за паўсотні гарадоў Беларусі. Ён прымеркаваны да значнага дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства. Канцэпцыя праекта простая: 17 тэзісаў, 17 гарадоў і агульная мэта – паказаць кансалідацыю беларускага народа.
У 2026 годзе эстафету прымаюць 17 населеных пунктаў, у тым ліку і Шуміліна. Праграма марафона ў нашым раёне ўключае розныя фарматы — ад дыялогавай пляцоўкі да спартыўных і культурных праграм.
Слова – Дзмітрыю Дзямідаву:

– Мэта рэспубліканскага марафона «17 граняў адзінства» – у дыялогу з актывістамі абмеркаваць у рэгіёнах важнасць нашага яднання, разуменне таго, што толькі абапіраючыся на нашу гісторыю, традыцыі і культурныя каштоўнасці мы можам захавацца як народ, захаваць нашу дзяржаўнасць, суверэннасць Рэспублікі Беларусь і перадаць нашым нашчадкам.
На дыялогавай пляцоўцы ад грамадскасці Шумілінскага раёна прагучала шмат і пытанняў, і канкрэтных прапаноў, накіраваных на тое, каб у першую чаргу наша моладзь разумела важнасць захавання суверэннай, моцнай і незалежнай Беларусі, каб у нашым грамадстве ніколі не далі ўсходы нянавісць і варожасць, а менавіта традыцыйныя якасці, якія заўсёды дапамагалі нашаму народу выжыць – добрасуседства, міралюбнасць, узаемадапамога – культываваліся і мы выхоўвалі дзяцей на аснове традыцыйных беларускіх каштоўнасцей.
Алена КАРПУШЭНКА.


















