У Шуміліне прайшла выязная вучоба ідэалагічнага актыву Віцебскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі.

Удзельнікамі сустрэчы сталі самыя актыўныя і ініцыятыўныя прадстаўнікі службы хуткай медыцынскай дапамогі з усяго паўночнага рэгіёна.
Павітаць ганаровых гасцей прыйшла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Узначаліў работу ідэалагічнага актыву галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі Віктар Гоманаў. Мадэратарам выступіў намеснік галоўнага ўрача па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Кліцуноў.
Мерапрыемства пачалося ў гасціннай атмасферы Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, сімвалічна, што зона адпачынку размясцілася ў цэнтры тэматычнай выставы, прысвечанай Году беларускай жанчыны. Ва ўтульную святочную раніцу Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дня маці ў ідэолагаў службы хуткай меддапамогі быў час пагутарыць, абмяняцца вопытам і падзяліцца прафесійнымі сакрэтамі.
Яскравым працягам сустрэчы стала займальная экскурсія дырэктара музея. Святлана Іванова правяла гасцей па экспазіцыйных залах, падрабязна спынілася на самых топавых гістарычных момантах, знакавых дасягненнях і багатай спадчыне Шумілінскага краю.
«Выязны фармат сустрэчы мы практыкуем упершыню, і наша галоўная мэта – жывыя зносіны. Сёння ідэалогія стаіць у аснове дзейнасці ва ўсіх сферах жыцця, таму ад нашай згуртаванасці, разумення агульных каштоўнасцей залежыць вельмі многае. Хацелася б, каб такія сустрэчы сталі традыцыяй і праходзілі з карысцю», – адзначыў Віктар Гоманаў. Па словах кіраўніцтва, Шуміліна абрана пляцоўкай першай сустрэчы невыпадкова. Галоўнай прычынай паслужылі яркія лідарскія якасці старэйшага фельчара Шумілінскага аддзялення хуткай меддапамогі і паста «Обаль» Валянціны Ляпнёвай, таму хацелася прадэманстраваць калегам высокі ўзровень арганізацыі ідэалагічнай работы, згуртаванасці калектыву і цёплых узаемаадносін у камандзе.
У ходзе рабочай праграмы ўдзельнікі дэталёва абмеркавалі ключавыя пытанні дзяржаўнага і грамадскага развіцця. Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы і правядзенню Адзінага дня інфармавання, не менш важным блокам стаў разгляд змененай Дырэктывы № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У сваім выступленні старшы фельчар Валянціна Ляпнёва расказала пра сябе, працоўныя будні ў калектыве, пра індывідуальны падыход, падпісную кампанію, надала ўвагу культурнай дзейнасці супрацоўнікаў, якая дапамагае ўмацоўваць карпаратыўны дух.
Разбавілі дзелавую абстаноўку музычныя нумары ад саліста РЦК Андрэя Крыўцова і трыа баяністаў Шумілінскай ДШМ.
Пасля падвядзення вынікаў Віктар Гоманаў павіншаваў усіх прысутных жанчын з Днём маці. Асаблівую ўвагу ўдзялілі Наталлі Пашкевіч, медсястры выязной брыгады Шуміліна, маці шасцярых дзяцей. Таксама калектыў цёпла праводзіў на заслужаны адпачынак шумілінскага фельчара Таццяну Вячыну, у якой гэты дзень супаў і з асабістым Днём нараджэння.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

