
«Формула поспеху: ад ідэі да прызнання»
Пад такім дэвізам у рамках Тыдня бацькоўскай любові ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў адкрыты дыялог «Час сямейных каштоўнасцей». Галоўнымі ўдзельнікамі сустрэчы сталі дзевяцікласнікі СШ № 1. А спікерамі выступілі прадстаўнікі розных сфер раёна: начальнік ЦБП ААТ «Белаграпрамбанк» старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Наталля Крыўко, урач функцыянальнай дыягностыкі Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы Ганна Мароз, мнагадзетная мама і псіхолаг ТЦСАН Марына Сматрыцкая, настаўнік-метадыст СШ № 1 Вольга Бяляева, начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама Ірына Якаўлева і благачынны цэркваў Шумілінскай акругі Фёдар Пучынскі.

Фармат мерапрыемства быў максімальна простым і дынамічным: у кожнага госця было да 10 хвілін, каб падзяліцца асабістай формулай поспеху, пасля чаго рабяты маглі задаць спікерам любыя пытанні. Мадэратарам паміж пакаленнямі стала Алена Зуева, якая актыўна каардынавала ход размовы. У выніку адкрытага дыялогу юнакі і дзяўчаты разам з запрошанымі гасцямі абмеркавалі фундаментальныя жыццёвыя арыенціры, паразважалі на тэму, што такое каханне і з якіх важных складнікаў складваецца сям’я, даведаліся пра абарону і падтрымку мацярынства ў краіне.

У цэнтры ўвагі былі такія важныя тэмы, як пошук балансу паміж пабудовай паспяховай кар’еры і захаваннем сямейнага цяпла, а таксама сакрэты выбару будучай прафесіі. Школьнікі разважалі пра тое, якую ролю адыгрывае настаўнік у лёсе кожнага чалавека і як непарушныя духоўныя каштоўнасці фарміруюць нашу агульную карціну свету.
І хоць у дзевяцікласнікаў наперадзе цэлае жыццё, поўнае пошукаў і адкрыццяў, можна з упэўненасцю сказаць: гэтая сустрэча абавязкова пакіне свой добры след. Простыя і мудрыя ўрокі ад паспяховых землякоў запомняцца дзецям, а для кагосьці з іх, магчыма, менавіта гэты цёплы дыялог стане адпраўной кропкай для вываду асабістай, унікальнай формулы поспеху.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
