В Башневском сельском клубе прошел вечер-портрет «Я женщина! Мне есть о чем сказать», посвященный учительнице Башневской БШ Марине Алексеенко

Главное Новости Образование Общество Семья


40 год у прафесіі і сямейным жыцці

У Башнеўскім сельскім клубе прайшоў вечар-партрэт «Я жанчына! Мне ёсць пра што сказаць», прысвечаны настаўніцы Башнеўскай БШ, клапатлівай маці і жонцы Марыне АЛЯКСЕЕНКА. На мерапрыемства прыйшлі сябры, настаўнікі і вучні школы, госці з Шуміліна, пробашч касцёла маці Божай Фацімскай Яўген Шымановіч. Клубная зала была поўнай.


Марына Аляксеенка сёлета адзначае дзве важныя даты: 40 год як працуе ў школе настаўніцай, і 40 – як жыве ў шлюбе з мужам Сяргеем Кірылавічам. З рубінавым вяселлем сям’ю Аляксеенкаў павіншавала кіраўнік спраў Светласельскага сельвыканкама Вольга Сыцько. «Ваш сямейны саюз з’яўляецца яркім прыкладам для падрастаючага пакалення, – адзначыла Вольга Аляксандраўна. – Сімвал вашага юбілею – рубін – увасабляе надзейнасць і шчырыя пачуцці, якія вы пранеслі праз дзесяцігоддзі». Сям’і ўручылі Падзяку Светласельскага сельвыканкама.

З мужам Марына пазнаёмілася яшчэ ў студэнцтве. Ён закончыў універсітэт на два гады раней і працаваў у Валатоўскай школе. А калі Марыну, якая родам з Пастаўшчыны, размеркавалі працаваць у Башні, прыехаў да яе. Ім прыйшоўся даспадобы гэты ціхі прыгожы куток.

Аляксеенкі выхавалі дзвюх дачок – Ганну і Маргарыту, якія жывуць і працуюць у Мінску. Маргарыта – кандыдат тэхнічных навук, працуе ў навукова-тэхнічным цэнтры НАН Беларусі.
«У маім жыцці два захапленні: школа і турызм, – расказала віноўніца ўрачыстасці. – Люблю дзяцей, люблю падарожжы. А яшчэ люблю свой аграгарадок. У маладосці быў выбар: паехаць на Пастаўшчыну, дзе было жыллё, ці застацца тут. Мы з мужам выбралі Башні і не шкадуем пра гэта».

Дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Ірына Кулікава ў працяг тэмы турызму ўручыла сям’і Аляксеенкаў сертыфікат на паездку на «Дажынкі» ў Міёры. Прагучала на свяце шмат цёплых віншавальных слоў ад сяброў, вучняў і калег.

Настаўніца матэматыкі Марына Аляксеенка пабудавала ідэальную геаметрычную фігуру свайго жыцця, дзе аснова – моцная сям’я, бакі – любімая работа і рух, а вяршыня – павага і любоў вучняў, зазначылі вядучыя мерапрыемства, работнікі клуба, бібліятэкі і школы.
Вечар-партрэт аздобілі душэўныя песні клуба «Душа» раённага цэнтра культуры.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *