Круці педалі!
У Шумілінскім раёне адкрыты першы ў вобласці веласіпедны маршрут, які стаў часткай маштабнага праекта, што фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваўся Цэнтрам экалагічных рашэнняў сумесна з Мінскім веласіпедным таварыствам.
З ініцыятывай развіваць веларух у рэгіёне выступілі актывісты грамадскага аб’яднання «ЭкаБум». На рэалізацыю задуманага спатрэбіўся год. Што было зроблена? Ля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў Шуміліне ўстанавілі стэнд з інструментамі для самастойнага рамонту веласіпедаў, які, ужо зразумела, мае попыт сярод аматараў гэтага віду транспарту. Пачала работу велашкола, «вучнем» якой можа стаць любы жадаючы незалежна ад узросту. У распараджэнні – тры веласіпеды, укамплектаваныя шлемамі, камізэлькамі і іншым неабходным. Інструктаж праводзяць актывісты «ЭкаБума». Дарэчы, навучыць абяцаюць літаральна за некалькі заняткаў (пробныя ўжо прайшлі ў Башнёўскай школе), прычым, не проста круціць педалі, а рабіць гэта максімальна бяспечна для сябе і ўсіх навокал.
Яшчэ восенню сіламі ДРБУ № 204 была праведзена мадэрнізацыя пешаходнай дарожкі, якая вядзе з Шуміліна да вёскі Прыазёрная. На гэта патрацілі тры тысячы еўра з бюджэту праекта. Устанавілі і знакі, якія паведамляюць, што дарожка прынадная для руху веласіпедыстаў. Аматары бегу і скандынаўскай хады таксама не могуць нарадавацца, што прывычная дарожка ўзняла свой клас.
Фінішным этапам праекта стала арганізацыя веламаршруту «Блакітныя каралі Шумілінскага краю» № 201, які пралягае паўз жывапісныя азёры – Лескавічы, Разван, Віцір, Княжна, Будавесць,
Лезвінка, Гародна, азёрны заказнік «Сосна», Круглік, Мошна, Дабееўскае, а таксама раку Заходняя Дзвіна. Там растуць рэдкія, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, расліны, напрыклад, вадзяны арэх і наяда марская.
Маршрут пралягае праз былыя панскія сядзібы Хлюдзінскіх (Лескавічы), Баршчэўскіх (Полцева). Дарэчы, ад сядзібы пана Баршчэўскага бярэ пачатак векавая алея з 60 дрэў, трэцяя частка якіх можа прэтэндаваць на статус помнікаў прыроды. Яна цягнецца 300 метраў і злучае сядзібу пана Баршчэўскага з так званым «Кацярынаўскім трактам». Таксама ў велападарожнікі будуць праяз-джаць міма лістоўніц ля возера Сосна – гэта сядзіба Міхалова, якая некалі належала пану С. Дзітмару. Маршрут праходзіць побач з «Кацярынаўскім трактам», праз гарадзішчы каменнага веку паміж азёрамі Гародна і Сосна.
– Гэта дае ўнікальную магчымасць для розных відаў эколага-краязнаўчага турызму, – упэўнена старшыня грамадскага аб’яднання «ЭкаБум» Ірына Кулікава. – Апроч таго мясцовыя жыхары атрымалі вопыт у арганізацыі міжнародных праектаў. Усё гэта вельмі важна для развіцця нашага рэгіёну ў цэлым. Далей мы плануем удзельнічаць у гарадскіх святах, раённых мерапрыемствах.
Спецыяльныя дарожныя знакі ўстаноўлены на працягу ўсяго веламаршруту.
Фота прадастаўлена ГА «ЭкаБум».
Спецыяльныя дарожныя знакі ўстаноўлены на працягу ўсяго веламаршруту.
Фота прадастаўлена ГА «ЭкаБум».
Маршрут, які пачынаецца і заканчваецца ля Шумілінскага возера і доўжыцца 37 кіламетраў, прамаркіраваны адмысловымі знакамі – усяго іх было выраблена 60. Велападарожнікі, у тым ліку і замежныя турысты, могуць карыстацца картамі (іх надрукавана 1000 штук), а могуць на сайце EuroVelo-2 спампаваць на тэлефон трэк маршрута. Дарэчы, карты зроблены з выкарыстаннем QR-кодаў, з дапамогай якіх можна ўбачыць фота маляўнічых азёр і гістарычныя звесткі пра іх.
Гэтым займаўся Максім Бурлакоў (Шумілінская раённая гімназія) пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Дарафеевай.
Дарэчы, крыху збочыўшы з дадзенага маршруту, можна наведаць унікальную прыродную славутасць – самы вялікі камень у Беларусі ў Горках.
Маршрут EuroVelo-2 ідзе праз усю Беларусь, а пачынаецца ў Еўрапейскім Саюзе. Гэта дае мажлівасць спадзявацца на прыток замежных турыстаў у рэгіён. Увогуле на дзейнасць у рамках праекта Шумілінскі раён атрымаў 17500 еўра.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №31 ад 21.04.2020 г.

