21 лютага сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, спецыялісты, якія ў першую чаргу адказваюць за парадак на зямлі. Што было зроблена ў раёне ў мінулым годзе ў гэтым важным напрамку дзейнасці, якія мерапрыемствы запланаваны на бягучы Год добраўпарадкавання – аб гэтым гутарым з начальнікам аддзела Ксеніяй Рэшатавай і галоўнымі спецыялістамі Любоў Гырдымавай і Ульянай Лях.
– Якім быў год для аддзела землеўпарадкавання?
Ксенія Рэшатава:
– Летась 514 гектараў зямлі (у тым ліку 422 га, занятых кустоўем) перадалі ў карыстанне Шумілінскаму лясгасу, работнікі якога выкарыстоўвалі ўчасткі па прызначэнні. 15 гектараў земляў, зарослых драўнінна-хмызняковай расліннасцю, уцягнуты ў сельгасабарот СФГ “Раднік”, КУСГП “Ульскі” і “Сіроцінскі”, ААТ “АграБаравінка”, СУП “Лаўжанскае”. Многія з гэтых палеткаў засеяны травамі і зерневымі культурамі. Добра, што зямля не пустуе. У мінулым годзе ад грамадзян былі пададзены 232 заявы на абмер зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, вядзення асабістай падсобнай гападаркі. На аўкцыёнах было прададзена 5 зямельных участкаў (3 – у Непаротах, па аднаму – у Башнях і Грабніцы), без аўкцыёну прадастаўлены 3 зямельныя ўчасткі для будаўніцтва (адзін у Крупчыне і два ў Баёўцы). Па заявах жыхароў раёна было легалізавана 6 самавольна занятых участкаў, зараз афармляюцца дакументы яшчэ на тры. Акрамя гэтага, Любоў Гырдымава, Ксенія Рэшатава, Ульяна Лях абмяркоўваюць граніцы зямельных участкаў праводзілі маніторынгі сельскагаспадарчых земляў і кар’ераў, была абноўлена зямельна-інфармацыйная сістэма раёна. Разглядалі і звароты грамадзян (іх было 8) па пытаннях устанаўлення граніц зямельных участкаў і тэрмінаў выканання земляных работ.
– Адной з галоўных сваіх задач вы бачыце ў кантролі за аховай і выкарыстаннем земляў. Што зроблена і робіцца ў гэтым накірунку?
Ульяна Лях:
– Грамадзяне, якія карыстаюцца зямельнымі ўчасткамі, абавязаны захоўваць меры па ахове земляў. Гэта значыць, зямля павінна выкарыстоўвацца па прызначэнні: для будаўніцтва, пасеваў, выпасу жывёлы і г. д. Павінен быць парадак – недапушчальныя захламленне ўчасткаў, зарастанне быльнікам. У кожнага кавалачка зямлі павінен быць гаспадар. І калі чалавек разумее, што ў сілу ўзросту і здароўя ўжо не зможа даглядаць вялікі агарод, які ўзяў у маладосці, варта напісаць адпаведную заяву ў мясцовы сельвыканкам. І зямля будзе перададзена іншаму гаспадару, які можа і ўмее яе даглядаць.
Мы праводзім пастаянныя рэйды-праверкі, падчас якіх высвятляем, ці па мэтавым прызначэнні выкарыстоўваецца зямля. Папярэджваем людзей, просім, каб навялі парадак, тлумачым, што ён павінен быць не толькі на падворку, але і на прылягаючай тэрыторыі – ад агароджы да дарогі. На жаль, прыслухоўваюцца не ўсе. Іншы раз бывае, да прыкладу, што ўчастак выдзелены для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, а яго, скажам, засеялі зерневымі. За такое нямэтавае выкарыстанне пагражае штраф ад 2 да 10 БВ. У мінулым годзе жыхарам раёна было накіравана 10 пастаноў аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання, вынесена адна пастанова аб адміністрацыйнай адказнасці са штрафам. Былі правераны і 9 юрыдычных асоб, вынесена 6 прадпісанняў.
– Ці вялікі попыт на зямельныя ўчасткі?
Любоў Гырдымава:
– Не, невялікі. На сённяшні дзень на тэрыторыі раёна маецца 498 свабодных зямельных участкаў, у тым ліку 42 з іх – у Шуміліне. Участкі можна браць як для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, так і для агародніцтва, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Дзе знаходзяцца ўчасткі, які іх памер, жыхары могуць даведацца на сайце райвыканкама (раздзел “Зямельныя ўчасткі”), у сваіх сельскіх выканаўчых камітэтах, у спецыялістаў аддзела землеўпарадкавання райвыканкама. Раз у месяц зямельнікі выязджаюць у кожны сельвыканкам і аказваюць кансультацыі па зямельных пытаннях.
– 2025 год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Якія планы ў спецыялістаў зямельнай службы?
Ксенія Рэшатава:
– Першачарговыя задачы – кантроль за аховай і выкарыстаннем земляў, прыцягненне закінутых участкаў у абарот. Сёлета запланавана перадаць Шумілінскаму лясгасу каля 400 гектараў незапатрабаваных земляў. 19 гектараў будуць узараны – іх далучаць да сваіх земляў сельгасарганізацыі раёна. Як заўсёды будзем праводзіць маніторынгі па пытаннях мэтавых выкарыстанняў земляў. Пільная ўвага будзе нададзена легалізацыі самавольна занятых участкаў. Ужо зараз мы працуем з насельніцтвам і тлумачым ім, што згодна з заканадаўствам да 1 студзеня 2028 года падоўжаны тэрміны так званай “зямельнай амністыі”, калі можна легалізаваць зямельныя ўчасткі. Навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне кожнага населенага пункта раёна – наша агульная задача і агульны клопат усіх жыхароў Шуміліншчыны. Парадак у краіне пачынаецца з парадку на асабістых падворках.
– Поспехаў вам у рабоце! І з прафесійным святам!
Ларыса ЗАЙЦАВА

