1,5 года лишения свободы с отсрочкой исполнения — за кражу топлива и гербицидов

Происшествия

Прысвоіў дызпаліва, угнаенні, гербіцыды

Пракуратура Шумілінскага раёна па раней узбуджанай пракурорам крымінальнай справе падтрымала ў выязным пасяджэнні суда дзяржаўнае абвінавачванне ў дачыненні да трактарыста-машыніста КУСГП «Ульскі» – яму інкрымінавана прысваенне маёмасці на суму больш за 3000 рублёў асобай, якой яно даручана.

«Устаноўлена, што абвінавачваемы, з’яўляючыся матэрыяльна-адказнай асобай, з мая 2019 года па кастрычнік 2024 года наўмысна, супрацьпраўна і бязвыплатна, з карыслівай мэтай, шляхам прысваення нявыкарыстаных у поўным аб’ёме даручаных яму гербіцыдаў і ўгнаенняў, а таксама прысваення дызельнага паліва, зліваючы яго з выкарыстаннем гумавага шланга ў загадзя прыгатаваныя ёмістасці з паліўнага бака трактара МТЗ 82.1, а таксама іншай тэхнікі прадпрыемства, на якой вырабляў работы, прысвоіў даручаныя яму матэрыяльныя каштоўнасці на агульную суму больш за 3 000 рублёў, – падзялілася падрабязнасцямі намеснік пракурора малодшы саветнік юстыцыі Лізавета Асіпенка. – Падчас судовага пасяджэння абвінавачваемы чыстасардэчна раскаяўся ў зробленым і кампенсаваў шкоду ў поўным аб’ёме».

З улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінаваўцы і прадстаўленых ім доказаў суд Шумілінскага раёна пастанавіў абвінаваўчы прысуд. На падставе ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў без штрафу і без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

«У дачыненні да абвінавачаемага суд ужыў палажэнні частак 1, 2 артыкула 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб непрывядзенні ў выкананне прызначанага пакарання, калі ён на працягу выпрабавальнага тэрміну – 1 года – не здзейсніць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі», – дадала Лізавета Валянцінаўна.

Згодна з ч. 5 арт. 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суд абавязаў абвінавачанага выплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 50 базавых велічынь (2100 рублёў) на працягу 6 месяцаў пасля ўступлення прысуду ў законную сілу.

Прысуд у законную сілу ўступіў.

Падрыхтавала  Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *