Студатрадаўцы дапамагаюць шумілінскім будаўнікам
Расказваем, як на базе Шумілінскай ПМК‑70 працуе студатрад «Энергія маладосці»
З 9 чэрвеня пачаў работу студатрад «Энергія маладосці» імя Героя Савецкага Саюза М. А. Ласкунова». Як расказала першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева, у атрадзе 11 старшакласнікаў з шумілінскіх СШ №1 і СШ №2.
Галоўны інжынер ПМК‑70 Раман Карасёў адзначыў, што будаўнікам зараз вельмі неабходны дадатковыя рукі, бо падыходзяць да завяршэння работы на будаўніцтве шматкватэрнага дома па завулку Угнявёнка і заканчваецца капітальны рамонт шматпавярхоўкі па вуліцы Сіпко ў райцэнтры. Менавіта на гэтых двух аб’ектах і будуць працаваць студатрадаўцы.
«Са студатрадамі працую не першы год, – расказаў Раман Васільевіч. – Моладзь з задавальненнем працуе на будоўлі. Студатрад для іх – магчымасць і няблага зарабіць грошай, і навучацца розным будаўнічым спецыяльнасцям».
На будоўлі дома паразмаўлялі з дзесяцікласнікамі СШ №2 г. п. Шуміліна Кірылам Зазыбам і Дзянісам Дударавым. Хлопцы расказалі, што даведаліся пра студатрад на маладзёжным кірмашы вакансій. «А што летам проста сядзець без справы? – адзначылі яны. – Сябры, якія раней працавалі ў ПМК‑70, расказалі, што тут, калі добра працуеш, можна зарабіць добрыя грошы. Так што будзем старацца».
Васьмікласнікі СШ №1 Андрэй Шпыркін і Арсеній Саўчанка прызналіся, што першыя дні на будоўлі былі даволі цяжкімі. «Нічога страшнага, прывыкнем, – з усмешкамі прадоўжылі яны. – Гэта будзе наш першы сур’ёзны вопыт на будаўніцтве».
Старшы майстар Шумілінскай ПМК‑70 Дзмітрый Каралёў задаволены работай юных памочнікаў. «Талковыя хлопцы, – кажа ён. – У першы тыдзень студатрадаўцы і тэрыторыю добраўпарадкоўвалі, і будаўнічыя матэрыялы падносілі. Калі ў іх будзе жаданне, то вопытныя будаўнікі навучаць і тынкаваць, і плітку класці, і іншым будаўнічым навукам».
Студатрады будуць працаваць усё лета.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



