У Бабруйску было цікава!
Прафсаюзны актыў Шумілінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК пабываў у турыстычнай паездцы у Бабруйску.
Шумілінцы гулялі па горадзе, пабачылі незвычайныя па форме будынкі, якія сваёй архітэктурай нагадваюць японскія капсульныя дамы.
Незабывальнай была экскурсія на «Чырвоны харчавік». Турысты даведаліся пра гісторыю станаўлення буйнога прадпрыемства Магілёўскай вобласці, тэхналагічныя тонкасці вырабу карысных дэсертаў. Ацанілі і смак “нованароджаных” зефіру, мармеладу і цукерак і нават паўдзельнічалі ў працэсе іх стварэння.
«Цікавай была квэст-гульня «Форт Бобр Ярд» – усе ўдзельнікі атрымалі шмат пазітыўных эмоцый і адрэналіну, – расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі КУСГП «Ульскі» Ядзвіга Сямёнава. – Тут былі гумар, драйв і страх адначасова. Мы праходзілі выпрабаванні, збіралі ключы да перамогі, аб’ядноўвалі свае ўменні, каб падняць камандны дух. Адным словам, у Бабруйску было цікава! Дзякуй прафсаюзу за паездку!».


