О нововведениях в Правилах дорожного движения рассказывает начальник ГАИ Шумилинского РОВД Николай Горолевич

Безопасность Вопрос-Ответ Закон

За пераезд «зебры» на веласіпедзе  цяпер можна атрымаць штраф

 З 1 верасня ўступілі ў сілу змяненні ў Правілах дарожнага руху. Пра іх гутарым з начальнікам ДАІ РАУС Мікалаем Гаралевічам.

– Найперш хочацца пачаць з таго, што новымі правіламі дадзена азначэнне сродкам персанальнай мабільнасці. Гэта транспартны сродак з адным або некалькімі коламі і максімальнай хуткасцю руху не больш за 25 кіламетраў у гадзіну, прызначаны для перамяшчэння аднаго чалавека пры дапамозе выкарыстання электрарухавіка. Карыстальнікі СПМ прыроўніваюцца да веласіпедыстаў.
Усе астатнія ўстройствы, канструкцыя якіх дазваляе рухацца хутчэй за 25 кіламетраў у гадзіну, цяпер аднесены да катэгорыі мапедаў ці матацыклаў – гэта значыць, трэба прайсці працэдуру рэгістрацыі ў падраздзяленнях ДАІ. Новымі правіламі прадугледжаны спрошчаны парадак пастаноўкі на ўлік сродкаў руху, якія развіваюць хуткасць больш за 25 км /гадз.

– Куды трэба звярнуцца, каб дазнацца, мапед у цябе ці ўсё ж матацыкл?
– Двухколавы транспартны сродак трэба прадаставіць у выпрабавальную лабараторыю, бліжэйшыя знаходзяцца ў Віцебску, Наваполацку, Оршы. Па выніках даследаванняў транспартны сродак будзе аднесены да матацыкла ці мапеда, уладальніку будзе выдадзены электронны пашпарт. Прайсці рэгістрацыю ў падраздзяленнях Дзяржаўтаінспекцыі можна будзе толькі пры яго наяўнасці. Для тых, хто не пажадае праходзіць экспертызу і рэгістрацыю, можна будзе ездзіць на такім транспарце толькі на закрытых тэрыторыях.

– Новыя правілы абавязваюць перад перасячэннем праезнай часткі злезці з веласіпеда ці СПМ і каціць іх. Як шумілінцы выконваюць патрабаванні?
– Большасць прытрымліваецца. За першы тыдзень верасня выяўлена трое парушальнікаў. За пераезд “зебры” на веласіпедах пагражае папярэджанне або штраф да 3 БВ (калі чалавек нецвярозы – да 5 БВ). У правілах ёсць выключэнні, калі веласіпедыст ці карыстальнік СПМ можа ехаць пры перасячэнні праезнай часткі, але ж яны да нашага раёна не маюць дачынення – у нас няма ні спецыяльных святлафораў для веласіпедаў, ні веласіпедных дарожак. Таму галоўнае правіла для ўсіх – злез з веласіпеда і каці яго праз «зебру».

– З якой хуткасцю могуць рухацца самакатчыкі?
– Новыя правілы забараняюць ім ехаць у населеных пунктах хутчэй як 10 кіламетраў у гадзіну, па веладарожках – не больш 25 км/гадз. Забараняецца рух па тратуары, калі вага ўстройства перавышае 35 кг.

– З якога ўзросту можна рухацца самастойна на СПМ?
– У жылых зонах (дварах) дзецям можна ездзіць самастойна толькі з 14 гадоў. Пры паездках па тратуарах і веладарожках абавязкова павінен прысутнічаць дарослы.

– Ці можна кіраваць мотаблокам па праезнай частцы?
– Так, заканадаўча замацавана, што на мотаблоку з прычэпам можна рухацца па дарогах агульнага карыстання. Праўда, ёсць нюанс: ездзіць на ім можна толькі ў светлы час сутак па абочыне дарогі, калі хуткасны рэжым не перавышае 90 кіламетраў у гадзіну. Пры адсутнасці абочыны дазволены рух не далей як адзін метр ад краю праезнай часткі.

– Раскажыце больш падрабязна пра таніроўку шкла ў аўтамабілях.
– Яшчэ адна навінка для вадзіцеляў – можна ўстанаўліваць шторкі ці плёначнае пакрыццё на бакавыя (акрамя пярэдніх) і задняе шкло легкавых аўто. Пры гэтым ўзровень пропуску святла не абмежаваны. А вось калі таніроўка нанесена на пярэдняе шкло, за гэта пагражае перамяшчэнне аўто на штрафстаянку на ўвесь перыяд правядзення адміністрацыйнага працэсу.

– Вадзіцелям не перашкодзіць нагадаць, што зменены патрабаванні да маркіроўкі зімовых шын.
– Выкарыстоўваць усесезонныя шыны зараз можна толькі ў цёплы перыяд года. З 1 снежня да 1 сакавіка аўтамабілі павінны быць укамплектаваны шынамі са знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай унутры яе і адным са знакаў: “М+S”, “&S”“МS”.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *