В КФХ «Родник» завершают уборку картофеля

Сельское хозяйство

У СФГ «Раднік» убіраюць бульбу

На палетках каля вёскі Надзежына здалёк чутны гул бульбаўборачнага камбайна і тэхнікі на адвозцы. Гэта механізатары СФГ «Раднік» убіраюць другі хлеб.

Прыступілі да ўборкі ў кастрычніку, бо прыспешвалі іншыя работы: ворыва, сяўба азімых зерневых, уборка кукурузы, кажа кіраўніцтва гаспадаркі. На бульбаўборачным камбайне працуе Анатоль Карнякоў. Ён ведае толк у гэтай рабоце: працуе на камбайне 16-ты сезон. «За дзень убіраю да 30 тон “другога хлеба”, – расказаў механізатар. – Палеткі каля Надзежына высокія, бульбаўборачны камбайн ідзе добра. Лепшы ўраджай вырас на гліністай глебе – угнаенні затрымліваліся, не прамываліся дажджамі, сілкаванне для пасадак было дастатковае. А калі браць у цэлым, то бульба сёлета па памерах драбнаватая».

Памочнікам у Анатоля Карнякова працуе Валерый Кабылкоў. У яго самая брудная работа: ён увесь час знаходзіцца на бульбакамбайне, прыбірае смецце з транспарцёра. А заадно і каменне.

На поле пад’язджае галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Гушча. Ён расказаў, што ўраджайнасць бульбы сёлета на ўзроўні мінулагодняй – 200 цэнтнераў з гектара. На 15 гектарах пасаджаны адзін гатунак – “гала”, які задавальняе пакупнікоў сваімі смакавымі якасцямі і добра захоўваецца. Бульбу звозяць у сховішча, якое знаходзіцца ў Галях, дзе неўзабаве прыступяць да пераборкі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *