Светлавыя прыборы на трактары ў парадку?
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі з 23 да 31 кастрычніка правялі комплекс прафілактычных мерапрыемстваў «Увага! Самаходныя машыны і трактары!».
Зараз цёмны час сутак наступае раней, чым заканчваецца рабочы дзень. Механізатары сельгаспрадпрыемстваў пераязджаюць з аднаго поля на другое, дарожнікі вядуць грэйдзіраванне і абкос абочын дарог, у многіх жыхароў раёна ёсць уласныя трактары.
Бяспека павінна быць на першым плане, адзначаюць інспектары ДПС ДАІ Дзмітрый Шуміла і Павел Пучкоў. Разам з імі ў рэйд па райцэнтры і на аўтадарогу Шуміліна-Башні-Цербяшова адправілася карэспандэнт раённай газеты. Супрацоўнікі ДАІ правяралі вадзіцельскія пасведчанні, тэхнічны стан тэхнікі, наяўнасць пуцявых лістоў.
У райцэнтры спынілі пяць трактароў. Вынікам засталіся задаволеныя – тэхніка спраўная. Каля Лескавіч сустрэлі трактары ДРБУ-204, да механізатараў таксама не было пытанняў. А потым па дарозе спынілі гаспадара на прыватным трактары, на прычэпе якога былі надта брудныя светлавыя прыборы.
«Гэта парушэнне, – зрабіў заўвагу Дзмітрый Шуміла. – Ваш прычэп не ўбачаць у цемры ні пешаходы, ні вадзіцелі. Ствараеце аварыйную сітуацыю. Ведаеце ж, напэўна, пра ДТЗ на Гомельшчыне, калі вадзіцель маршруткі сутыкнуўся з такім, як у вас, непазначаным як след прычэпам, выехаў на сустрэчную паласу. У выніку некалькі чалавек загінула. Прывядзіце светлавыя прыборы ў парадак».
На першы раз парушальніку вынесена папярэджанне. На наступны раз парушальнік атрымае штраф да 2 БВ. Такая ж мера адміністрацыйнага спагнання прыменена і да другога парушальніка, які не ўключыў на кабіне прыватнага МТЗ маячок аранжавага колеру.
Асаблівую ўвагу супрацоўнікі ДАІ ўдзялілі прычапным агрэгатам. Плугі на двух трактарах, якіх спынілі, былі пазначаны святловяртальнымі элементамі.
Слова – старшаму дзяржаўтаінспектару ДАІ РАУС Віктару Бурлакову:
– Падчас прафілактычных мерапрыемстваў было выяўлена 5 парушэнняў правілаў дарожнага руху вадзіцелямі трактароў і самаходных машын, а ўсяго ў гэтым годзе зарэгістравана 28 парушэнняў. Двое селі за руль, не маючы правоў кіравання, адзін – у нецвярозым стане. Астатнія парушэнні тычыліся няспраўнасці светлавых прыбораў, адсутнасці тэхагляду і габарытаў, забароненай перавозкі пасажыраў, невыкарыстання маячкоў аранжавага колеру.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

