Лепшыя надоі – у Мішкавічах
На ферме Мішкавічы СФГ «Раднік» – самыя лепшыя надоі ў раёне. Калектыў неаднойчы быў пераможцам прафсаюзных спаборніцтваў. За студзень-верасень надой на карову на ферме склаў крыху больш як шэсць тысяч кілаграмаў.
У чым сакрэт поспеху, мы запыталіся ў загадчыка фермы Сяргея Прыгожага. «Пашанцавала мне з калектывам – усе працавітыя і адказныя, – кажа Сяргей Маркелавіч. – Аператары машыннага даення вопытныя, дапамагаюць адзін аднаму. Сумленныя адносіны да работы – гэта першы крок да поспеху. Другі – камбінаваныя якасныя кармы. Сянаж, сілас, салома, канцэнтраты перамешваюцца ў патрэбных прапорцыях і развозяцца кормараздатчыкам “Гаспадар”. Немалаважна, што сянаж рыхтуем з розных траў – канюшыны, галегі, баркуну». Сяргей Прыгожы ў летне-пашавы перыяд сам працаваў на трактары з перасоўнай даільнай устаноўкай. Строга сочыць за кармленнем, даеннем, тэхналогіяй утрымання жывёлы, дысцыплінай.
Малады і перспектыўны галоўны заатэхнік
Віцяблянка Ганна ВАРАНКОВА пасля заканчэння Лужаснянскага аграрнага каледжа прыехала ў сакавіку працаваць заатэхнікам у КУСГП «Ульскі» і паспела паказаць сябе ведаючым справу спецыялістам.
Праз месяц работы яе прызначылі галоўным заатэхнікам гаспадаркі. Ганне выдзелілі аднапакаёвую кватэру са зручнасцямі, дзе дзяўчына самастойна навяла парадак.
«Работа мяне не спужала – ведала ж, на каго вучуся, – кажа Ганна. – Адказваю за 1800 галоў жывёлы гаспадаркі, за чатыры малочнатаварныя фермы, цёлак і жывёлу на дарошчванні. Работы многа, таму самае галоўнае – усё паспець».
Ганна Варанкова тэорыю ведае добра (у складзе каманды каледжа заняла першае месца ў алімпіядзе па заатэхніі) і смела прымяняе яе на практыцы. У гэтым годзе марыць паступаць завочна ў ветакадэмію.
Сямейны падрад стараецца
Алена НОВІКАВА з ААТ «Ляжні» з’яўляецца адным з лепшых аператараў машыннага даення не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.
Па сямейных абставінах жанчына прыехала ў Ляжні з Верхнядзвінскага раёна і засталася тут назаўсёды. Працуе плённа і сумленна, паказвае прыклад іншым – валавы надой за студзень-кастрычнік у яе групе склаў крыху больш як 190 тон (+18 тон да мінулага года), на карову – 3801 кілаграм (+132 кг). Зараз у групе Алены Новікавай 60 кароў, летась раздаіла каля дваццаці першацёлак. Так, Багіра, Лявоніха, Лаванда і Санта зараз даюць па дваццаць кілаграмаў малака, летам – і ўсе трыццаць.
На ферме Ляжні-3, дзе працуе Алена Новікава, загадчыцай рупіцца яе дачка – Аляксандра КАВАЛЁВА. Яна кажа, што працаваць з маці – гэта здорава, ва ўсіх адна мэта: дабіцца добрых надояў. Сямейны падрад стараецца.
Верны сваёй прафесіі
Міхаіл ТОЛСЦІКАЎ працуе механізатарам вось ужо больш за трыццаць гадоў.
Раней рупіўся у калгасе «Обальскі», цяпер – у СУП «Лаўжанскае». Дзень М. І. Толсцікава распісаны па хвілінах. З раніцы грузіць сянаж у кормараздатчык “Гаспадар” каля фермы Рашэтнікі. Потым едзе развозіць салому на жывёлагадоўчы комплекс, фермы Цаўі, Спаскае, Латкова. Да вечара зноў вяртаецца ў Рашэтнікі грузіць корм.
Летам механізатар працаваў з прэс-падборшчыкам – прасаваў за дзень каля сотні рулонаў сена ці саломы, падчас восеньскай пасяўной падвозіў да сеялкі насенне. Дырэктар гаспадаркі Яўген Дзятлоўскі хваліць Міхаіла Толсцікава за рацавітасць, кажа: «Іванавіч ніколі не падвядзе і работу выканае выдатна!».
Цяляты як на дражджах растуць
Што самае галоўнае ў рабоце аператара па доглядзе за маладняком буйной рагатай жывёлы? Перш за ўсё жывёлу трэба любіць, кажа Марына КАЛЬНІНА, якая працуе на ферме Амбросавічы ААТ «Прыазёрны мір».
А яшчэ – з дакладнасцю выконваць свае абавязкі, захоўваць рэжым паення і кармлення маладняку. Менавіта так і працуе Марына Кальніна. Зараз у яе групе 41 цяля. Яны паступаюць у прафілакторый адразу пасля нараджэння і гадуюцца тут два месяцы, а потым пераводзяцца ў групу дарошчвання. Марына, стаж работы якой у жывёлагадоўлі складае паўтара дзясятка гадоў, дакладна ведае, як паіць нованароджаных з соскі, як прывучаць да вядзерца, праз колькі дзён можна даваць камбікорм і сена. Цяляты ў групе Марыны Кальнінай дагледжаныя і ўкормленыя, сярэднясутачныя прывагі за студзень-кастрычнік складаюць 680 грамаў.
“Без Пятроўны – ніяк”
Больш за сорак гадоў работы ў жывёлагадоўлі, вопыт і мудрасць – гэта пра Зінаіду Пятроўну ГОЛУБЕВУ з аграгарадка Слабада.
Працавала на ферме Дворышча даяркай і загадчыцай, потым узначаліла ферму Грабніца, цяпер кіруе калектывам фермы Слабада ААТ «АграБаравінка». Даўно на заслужаным адпачынку, а калі кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства паклікала на работу – пайшла. Работнікі фермы зазначаюць, што “без Пятроўны – ніяк”. Пад яе строгім улікам 118 галоў кароў на ферме, сотня цялятак на дарошчванні. Ёсць больш за трыццаць першацёлак, нямала іх прыбавіцца яшчэ і ў наступным годзе – значыць, ёсць надзея на прадукцыйных кароў.






