Усе мы розныя, усе мы роўныя
Напярэдадні Дня інвалідаў пад дэвізам “Усе мы розныя, усе мы роўныя” ў СШ № 1 г. п. Шуміліна прайшло інклюзіўнае мерапрыемства для вучняў-інвалідаў з усіх устаноў адукацыі раёна.
Вучням прапанавалі гульню-квест, падчас якой трэба было праявіць свае здольнасці ў розных відах дзейнасці і адначасова пазнаёміцца з рознымі заняткамі, якія прапануюць ва ўстановах адукацыі. Аб’яднаныя ў пяць каманд, дзеці адправіліся ў падарожжа па станцыях. На “Спартыўнай” трэба было прадэманстраваць спрытнасць і трапнасць, на “Сямейнай” – фантазію ва ўпрыгожванні пластылінавага кекса. На станцыі “Робасвет” сабраць з лега-канструктара будынак, мадэль самалёта ці верталёта. Яшчэ можна было расфарбаваць малюнкі ці паспрабаваць сябе ў бодзі-арце: хлопчыкі выбіралі спартыўную тэматыку, дзяўчынкі – кветкі. На казачнай станцыі Снягурка прапаноўвалі выразаць і ўпрыгожыць сняжынку.
Дзеці з захапленнем уключаліся ў работу на кожнай станцыі. Канцавым пунктам стала “Танцавальная”, калі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства разам весяліліся і танцавалі. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая, кіраўнікі раённых аддзяленняў Беларускага фонду міру і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Шаўцова і Таццяна Казакова пажадалі ўдзельнікам мерапрыемства добрага настрою, поспехаў у навучанні і актыўнага жыцця.
“Мы з’яўляемся даўнімі партнёрамі раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і заўжды гатовы працягнуць руку дапамогі. Мы проста дапамагаем ад усёй душы”, – сказала Людміла Шаўцова.
“Беларускі Чырвоны Крыж аказвае дапамогу сацыяльна ўразлівым катэгорыям насельніцтва, і дзеці-інваліды ўваходзяць у гэтую катэгорыю. У рамках праграмы “Клопат” мы аказваем падтрымку ў правядзенні падобных мерапрыемстваў”, – далучылася да размовы Таццяна Казакова.
Дзякуючы партнёрам, без падарункаў не застаўся ніхто, а ўдзельнікі творчых конкурсаў атрымалі дадатковыя прызы. Радасць і ўсмешкі на тварах дзяцей сталі лепшай узнагародай і знакам удзячнасці арганізатарам.
Да слова. Работнікам ЦКРНіР мерапрыемства дапамагалі арганізаваць педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, СШ № 1 г. п. Шуміліна, суправаджалі дзяцей вучні СШ № 1 – удзельнікі валанцёрскага руху.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.










