Феерверкі – пад забаронай!
Навагоднія святы і Каляды з кожным днём усё бліжэй. І для многіх яны асацыіруюцца з феерверкамі. Але ў эйфарыі святаў не варта парушаць закон і забываць пра бяспеку – сваю і іншых.
Не варта забываць, што з 5 студзеня 2025 года на тэрыторыі Беларусі дзейнічае поўная забарона на рознічны і аптовы гандаль на большасць відаў піратэхнічных вырабаў, нагадваюць супрацоўнікі міліцыі.
Што забаронена?
Забарона распаўсюджваецца на піратэхніку II, III, IV, V класаў небяспекі. Гэта значыць, што нельга набываць салюты і феерверкавыя батарэі, лятаючыя піратэхнічныя вырабы (ракеты, фантаны), рымскія свечкі іншую піратэхніку.
Што пагражае прадаўцу?
Фізічнай асобе за продаж незаконнай піратэхнікі пагражае штраф ад 10 да 50 БВ, ІП – ад 10 да 200 БВ, юрыдычнай асобе – да 500 БВ.
На каго не распаўсюджваецца забарона?
Яна не тычыцца аптовай рэалізацыі піратэхнікі юрыдычнымі асобамі, якія маюць дазвол на права рэалізацыі піратэхнічных вырабаў тэхпрызначэння IV і V класаў небяспекі, а таксама юрыдычных асоб, якія маюць дазвол на права рэалізацыі такіх вырабаў, правядзенне феерверкаў з выкарыстаннем піратэхнікі тэхпрызначэння IV і V класаў небяспекі.
Якая піратэхніка дазволена?
Бенгальскія агні, халодныя фантаны (так званыя “тортавыя”), хлапушкі, канфеці.
Якая адказнасць прадугледжана за выкарыстанне забароненай піратэхнікі?
«Калі дзеянні дэманструюць парушэнне грамадскага парадку (напрыклад, запуск салютаў у начны час у двары шматпавярховага дома), яны адносяцца да дробнага хуліганства, – удакладняе начальнік РАУС Леанід Навіцкі. – Парушальніку пагражае штраф ад 2 да 30 БВ або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. Адказнасць за падлеткаў да 14 гадоў нясуць іх бацькі (штраф да 10 БВ).
Калі выкарыстанне піратэхнікі прыводзіць да прычынення шкоды здароўю людзей або значнага ўрону маёмасці, парушальнік можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

