Сапраўдная казка ў Обальскім дзіцячым сацыяльным прытулку
Яшчэ адно пацвярджэнне таго, што цуды здараюцца, а казка можа стаць рэальнасцю, адбылося напярэдадні Новага года ў Обальскім дзіцячым сацыяльным прытулку.
Традыцыйная сустрэча сяброў установы – людзей з вялікімі і шчырымі сэрцамі – ператварылася ў незабыўнае свята для кожнага яго ўдзельніка. Прытулак зноў адкрыў свае дзверы для тых, хто гатовы падзяліцца з выхаванцамі часцінкай сямейнага цяпла і навагодняга цуда. Атмасфера была поўная чакання і радасці: святочныя ўпрыгажэнні, ёлка, усмешкі дзяцей і, вядома, падарункі.
З цёплымі пажаданнямі да дзяцей і калектыва прытулка звярнуліся старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук.
«Сёння мы атрымалі такі зарад пазітыву, што надыходзячы новы 2026 год не можа быць дрэнным», – падкрэсліў Мікалай Будневіч, віншуючы ўсіх са святамі.
«Новы год прынясе толькі ўсё добрае і станоўчае, галоўнае верыць у гэта», – дадаў Руслан Матвейчук.
Самымі важнымі на свяце былі, вядома, дзеці. Іх усмешкі, бляск у вачах ад цуда і шчырыя абдымкі – лепшая ўзнагарода для ўсіх, хто дапамагаў арганізаваць казку. Гэтая сустрэча яшчэ раз прадэманстравала, што дабро, увага і простае чалавечае цяпло маюць велізарную сілу. Яны дапамагаюць верыць у лепшае.
«Сапраўдная навагодняя казка, у якую паверылі і дарослыя, і дзеці, стала добрым напамінам, што цуды здзяйсняюцца, – адзначыла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Анастасія Ананьева. – І хочацца выказаць вялікі дзякуй раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў, працоўным калектывам і кіраўнікам раённага аддзела Следчага камітэта, пракуратуры Шумілінскага раёна, раённага ўчастка электрычнай сувязі, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела прымусовага выканання, раённага аддзялення Дэпартамента аховы, адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў, Обальскага керамічнага завода, «Полацкводаканала», суда Шумілінскага раёна, дзіцячай школы мастацтваў, Мікіціхінскай СШ, Обальскай СШ, раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Цэнтра банкаўскіх паслуг № 225 ААТ «ААБ Беларусбанк», ТАА «ВЕЖА» і ААТ “Прыазёрны мір”».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



