Службы правяраюць гатоўнасць да вялікай вады
Зіма падыходзіць да завяршэння — да яе каляндарнага фіналу засталося ўсяго два дні, і гэта не можа не радаваць. Але сёлета снегу выпала надзвычай шмат, таму службам ужо цяпер варта рыхтавацца да магчымай вясенняй паводкі.
Тэма гатоўнасці органаў кіравання, сіл і сродкаў Віцебскай тэрытарыяльнай падсістэмы ГСЧС да рэагавання на негатыўныя наступствы вясенняй паводкі, да вясенне-летняга пажаранебяспечнага перыяду стала асноўнай падчас пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Віцебскім аблвыканкаме, якое адбылося 25 лютага пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Дзмітрыя Пятрушы.
У вобласці сфарміраваны два атрады, якія могуць на працягу шасці гадзін прыбыць у любую кропку рэгіёна з неабходным спецыяльным абсталяваннем і аказаць дапамогу насельніцтву. Пакуль атрады будуць у дарозе, у раёнах пачнуць дзейнічаць мясцовыя групы рэагавання.
Начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС член Савета Рэспублікі Сяргей Мялешкін адзначыў: «Праблем з праходжаннем паводкі мы не прагназуем». Ён падкрэсліў, што супрацоўнікі МНС прадоўжаць выязджаць на месцы і кантраляваць гатоўнасць усіх службаў да ліквідацыі магчымых наступстваў.
Пра тое, як да паводкі рыхтуецца Шумілінскі раён, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін. Паводле яго слоў, у раёне ўжо прайшло пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях, створана група рэагавання і дапамогі на выпадак пагаршэння паводкавай абстаноўкі. У бліжэйшы час плануюцца тактыка-спецыяльныя вучэнні, дзе будуць адпрацаваны дзеянні пры магчымых надзвычайных сітуацыях, звязаных з паводкай.
Арганізацыі раёна гатовы да работы ў паводкавы перыяд і да аказання дапамогі жыхарам пры неабходнасці. Разам з тым улады спадзяюцца, што сур’ёзных праблем у гэтым сезоне не ўзнікне.
Алена КАРПУШЭНКА.

