Женские грани. Выбрала работу по душе.

2026 - Год белорусской женщины Здоровье Общество

Выбрала работу па душы – рабіць усмешкі прыгожымі

Выберы сабе работу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці – з гэтым выказваннем Канфуцыя поўнасцю згодная зубны фельчар Обальскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Кацярына КАЛЕНЧЫКАВА. Яна вельмі любіць сваю прафесію.

На выбар прафесіі Кацярыны Каленчыкавай, якая родам з Брэсцкай вобласці, паўплывала яе маці, якая працавала бухгалтарам у стаматалагічнай паліклініцы. Пры размеркаванні пасля заканчэння Аршанскага медыцынскага каледжа дзяўчына папрасілася на Шуміліншчыну, бо на той час ужо мела каханага, які быў родам з Обалі. Вось так Кацярына Пятроўна апынулася ў гарадскім пасёлку, дзе працуе зубным фельчарам вось ужо васямнаццаты год. Яна адзіная на ўсю акругу, лячыць зубы прыходзяць не толькі жыхары пасёлка, але і блізляжачых вёсак – Лявонава, Грудзінава, Гаравых, Пусташаў. У сярэднім за дзень фельчар прымае па 12 чалавек. Людзі не толькі лечаць зубы, але і праходзяць дыспансерызацыю. Зімой пацыентаў значна больш, бо ў людзей няма агародных работ, заўважае фельчар. Нядаўна прыходзіла на лячэнне 86-гадовая абальчанка, якая вельмі запомнілася фельчару, бо “мае амаль усе свае зубы”. Ёсць і такія пацыенты, каму яшчэ ў дзяцінстве лячыла малочныя зубы, а зараз ужо чалавек дарослы і зноў ідзе, як некаторыя кажуць, «да свайго доктара». Некаторыя просяць даць кансультацыю, ці можна яшчэ вылечыць зуб, або ехаць у раённую паліклініку на выдаленне. Зубны фельчар заўсёды раіць лячэнне, калі ёсць для гэтага хоць невялікі шанс, і ад землякоў за добрую работу атрымлівае нямала падзяк і шчырых удзячных слоў.

Сярод пацыентаў Кацярыны Каленчыкавай пераважаюць жанчыны – яны ў адрозненне ад «моцнай паловы» больш уважліва сочаць за сваім здароўем і больш смелыя. Што тычыцца мужчын, то большасць з іх «цягнуць да апошняга» і звяртаюцца, калі ўжо цярпець няма сіл. Кацярына Пятроўна сочыць і за здароўем «сваіх мужчын» – мужа і сына.

ПАРАДЫ  АД  ЗУБНОГА  ФЕЛЬЧАРА  КАЦЯРЫНЫ  КАЛЕНЧЫКАВАЙ:
– Варта рэгулярна наведваць стаматолага і не чакаць сур’ёзных праблем. Чысціць зубы трэба два разы на дзень працягласцю дзве-тры хвіліны. Для больш глыбокай ачысткі рэкамендуецца карыстацца электрашчоткамі, а зубную пасту для іх купляць з нізкай або сярэдняй абразіўнасцю – яны мякка выдаляюць налёт і не пашкоджваюць зубы. Сярод гігіенічных працэдур – карыстанне зубнымі ніткамі. Тым, хто мае пратэзы-масты, рэкамендую карыстацца зубнымі ёршыкамі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *