Межведомственные профилактические рейды проводятся в местах массового отдыха на воде

Безопасность Общество

Хвіліна бяспечнасці – і бяда!

Прафілактычная гутарка на Шумілінскім возеры.

На азёрах раёна пачаліся прафілактычныя рэйды

Лета толькі пачалося, а шумілінскія ратавальнікі ўжо накіраваліся ў рэйды па вадаёмах. Каб не дапусціць бяды на вадзе, яны разам з супрацоўнікамі РАУС, медыкамі і прадстаўнікамі таварыства ратавання на водах наведваюць самыя папулярныя ў шумілінцаў вадаёмы – Шумілінскае возера, возера Будавесць у Башнях і Лескавіцкае возера. Месцы, дзе кожны дзень адпачываюць сям’і, купаюцца дзеці.

Ратавальнікі канстатуюць: большасць трагедый адбываецца не з-за «фатальнага выпадку», а з-за звычайнай чалавечай бестурботнасці – купанне ў забароненых месцах, алкаголь, пераацэнка ўласных сіл, адсутнасць нагляду за дзецьмі. І менавіта гэта яны імкнуцца данесці да кожнага адпачываючага.

Падчас рэйдаў спецыялісты не проста раздаюць памяткі – яны гавораць з людзьмі адкрыта і прама, тлумачаць, як выратаваць сябе ці іншага, калі секунды вырашаюць усё.

Прыводзяць рэальныя гісторыі. На жаль, у гэтым сезоне такая гісторыя ўжо ёсць і ў нашым раёне. 23 мая ў вёсцы Дворышча мясцовыя жыхары знайшлі ў вадаёме цела мужчыны. Выратаваць 70-гадовага мужчыну было ўжо немагчыма. Што менавіта адбылося, яшчэ высвятляюць спецыяльныя службы, але адно дакладна зразумела: вада памылак не даруе.

Асаблівую ўвагу ратавальнікі надаюць дзецям. Яны размаўляюць з рабятамі, тлумачаць, чаму нельга заходзіць у ваду без дарослых, чаму гульні каля берага могуць скончыцца бядой. Адна хвіліна няўважлівасці – і наступствы могуць быць незваротнымі.

Ратавальнікі спадзяюцца, што людзі пачуюць іх, што чужыя трагедыі стануць папярэджаннем, а не статыстыкай, што кожны, хто прыходзіць да вады, успомніць простую ісціну: бяспека пачынаецца з нас саміх.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *